Гродна: дзве экскурсіі, прысвечаныя адной падзеі

17.09.2010

Час правядзення – 19 верасня

У гэтую нядзелю гродзенскія гісторыкі Андрэй Вашкевіч і Андрэй Чарнякевіч правядуць для ўсіх ахвотных бясплатныя экскурсіі, прысвечаныя падзеям пачатку Другой Сусветнай вайны.
Адна – з пункту гледжання польскай гістарычнай традыцыі, па мясцінах, звязаных з абаронай Гродна ў верасні 1939 года. Удзельнікі змогуць зірнуць на падзеі вачыма польскага абаронцы.
Другая экскурсія будзе прысвечана мясцінам, асобам і падзеям, якія падпадаюць пад тэрмін “вызваленне”. Весціся яна будзе ад імя аднаго з тых, хто вызваляў горад ад “панскай акупацыі”.

Экскурсантаў чакаюць у 11 гадзін у адным з двух месцаў:

- Тыя, хто жадае пабачыць Гродна вачыма савецкага жаўнера, збіраюцца побач з помнікам палітруку Гарнавых каля Старога моста.
- Тыя, хто хоча адчуць сабе ў ролі польскіх абаронцаў горада, збіраюцца каля будынка Беларускага інстытута правазнаўства побач з фантанам.

Экскурсіі ладзяцца ў межах праекта “У пошуках гісторыі: паўсядзённае жыццё савецкай Гародні“ Гродзенскага абласнога грамадскага аб’яднання маладых навукоўцаў “ВІТ” і прадстаўніцтва зарэгістраванага аб’яднання “Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.” (Федэратыўная Рэспубліка Германія) у Рэспубліцы Беларусь.

Паводле http://t-styl.info