Святое месца: беларускія скаўты і гайды

24.09.2010

Аляксандра Дынько



13 верасня Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Беларускую рэспубліканскую піянерскую арганізацыю з дваццацігоддзем. У фармальна-урачыстай прамове піянерыя была названая «надзейным партнёрам дзяржавы». Прычым як у такіх стратэгічна важных сферах, як патрыятычнае і грамадзянскае выхаванне моладзі, яе творчае развіццё, так і ў менш значных — цімураўскі і юнармейскі рух і дапамога дзецям-інвалідам.



Надзвычайная ўвага першай асобы дзяржавы да піянерыі, безумоўна, невыпадковая. Юны савецкі грамадзянін гартаваўся ў вайскова-патрыятычных гульнях «Зарніца», здачы нормаў ГТО і нясенні ганаровай вахты каля вечнага агню. Ён быў такім жа абаронцам айчыны, як і дарослы, толькі маленькім. І гэта цалкам адпавядала той функцыі, якую ўскладаюць дзяржава і грамадства на дзіцячыя арганізацыі.



Нашым дзецям, здаецца, ужо ёсць з чаго выбіраць. Напрыклад, на сайце Міністэрства адукацыі ёсць спіс з адзінаццаці дзіцячых і моладзевых арганізацыяў, якія атрымліваюць дзяржаўную падтрымку. Напэўна ж, яны лічацца партнёрамі калі не надзейнымі, то прынамсі вартымі даверу. Ёсць сярод іх Асацыяцыя беларускіх гайдаў і Беларуская рэспубліканская скаўцкая асацыяцыя.


Сайты моладзевых і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў, якія ўключаныя ў рэспубліканскі рэестр моладзевых і дзіцячых аб’яднанняў і атрымліваюць дзяржаўную падтрымку:


Грамадскае аб’яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» (ГА «БРСМ»)

Інтэрнэт-партал «Моладзь Беларусі»


Грамадскае аб’яднанне «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя (ГА «БРПА»)


Моладзевае грамадскае аб’яднанне «Беларуская ліга інтэлектуальных каманд» (ГА «БЛІК»)


Рэспубліканская моладзевая грамадская арганізацыя «Ліга добраахвотнай працы моладзі» (РМГА «ЛДПМ»)


Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя клубаў «ЮНЭСКО»


Дзіцячае грамадскае аб’яднанне «Асацыяцыя беларускіх гайдаў «(ДГА «АБГ»)


Моладзевае грамадскае аб’яднанне «Беларускі КВЗ» (МГА «Беларускі КВЗ»)


Беларуская моладзевая грамадская арганізацыя ратаўнікоў-пажарных (БМГАРП)


Дзіцячая грамадская арганізацыя «Беларуская рэспубліканская скаўцкая асацыяцыя»


Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Беларуская федэрацыя шатакан каратэ-до» (БФШК)


Грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам»




Вось што кажа пра сваю арганізацыю Валянціна Куск, кіраўніца гайдаў:


Нашая місія – дапамагчы кожнай дзяўчынцы стаць грамадзянскай сваёй краіны...



Асацыяцыя беларускіх гайдаў
Заснаваная ў 1993 годзе, з 2002 года увайшла ў склад сяброў Сусветнай асацыяцыі дзяўчатак-гайдаў і скаўтаў — WAGGGS, якая аб’ядноўвае 10 мільёнаў чалавек з 145 краінаў свету.



На 1 студзеня 2010 года сябрамі «Асацыяцыі беларускіх гайдаў» лічыліся 1460 чалавек (135 дарослых і 1325 дзяцей).



Асацыяцыя мае аддзяленні ў Мінскай, Гомельскай, Віцебскай, Гарадзенскай і Магілёўскай абласцях.



Колькі гайдаў у розных краінах
(звесткі Сусветнай арганізацыі дзяўчатак-гайдаў і дзяўчатак-скаўтаў, улічваюцца арганізацыі толькі для дзяўчатак)



Беларусь 1670

Вялікая Брытанія 552 603

Латвія 293

Пакістан 48 253

Расія 2 175

Уганда 112 371

Украіна 728

ЗША 3 578 760



Аліна Кулаева і Алена Рабцава прыйшлі да гайдаў вельмі маленькімі. Цяпер ужо падлеткі, яны так апісваюць сваё гайдаўскае жыццё:


Ходзім у дзіцячы дом, гуляем з дзеткамі...



Маці Аліны Кулаевай Алена вельмі задаволеная ўдзелам дачкі ў гэтай арганізацыі:


Мы дазваляем дачцэ прымаць самастойныя рашэнні.



Дух супольнасці паспрабавала выявіць і яе кіраўніца Валянціна Куск:



Дух гайдынгу – гэта дух сястрынства...



Але мэта гайдынгу ў разуменні гайда Алены Рабцавай падобная да развагаў дасведчанага педагога савецкай загартоўкі:



Дзіцячыя арганізацыя патрэбныя, каб дзіця развівалася ў той бок, у які трэба...



Скаўцкі рух


Заснавальнікам скаўтынгу (англ scout — «выведнік») і гайдынгу (англ. guide — «праваднік») быў генерал брытанскай арміі Роберт Бадэн-Паўэл (1857–1941). Першы скаўцкі атрад з'явіўся ў 1907 годзе. Праз два гады пачалі стварацца асобныя атрады для дзяўчатак. На базе гэтых атрадаў узнік рух гайдаў.



У свае найлепшыя часы скаўцкі рух ахопліваў дзясяткі мільёнаў чалавек па ўсім свеце. Аднак гэтая арганізацыя не заўжды дае рады выклікам сучаснасці, што добра дэманструе прыклад адной з найбуйнейшых і найстарэйшых арганізацыяй ЗША — Boy Scouts of America. Колькасць яе сябраў скарачаецца мільёнамі, ёй даводзіцца раз за разам адбіваць нападкі і абвінавачанні ў нястачы талерантнасці (сябрамі арганізацыі дагэтуль не могуць быць атэісты, гомасэксуалісты і дзяўчаткі да 13 гадоў). Лідэры бой-скаўтаў спрабуюць выйсці за межы іміджу «секты для белых хлопчыкаў» і папулярызаваць свае ідэалы ў афра-амерыканскіх, азіяцкіх і гішпанамоўных супольнасцях. Аднак апошні скандал, калі адзін са скаўцкіх лідэраў быў абвінавачаны ў сэксуальным гвалце і мусіў выплаціць пакрыўджанаму амаль 20 мільёнаў даляраў, папулярнасці руху, вядома, не дадаў.



Складаная гісторыя БРСА выкладзеная на сайце гэтай арганізацыі. Там жа падкрэсліваецца, што «большасць сябраў арганізацыі складаюць прадстаўнікі хрысціянскай праваслаўнай царквы, аднак прымаюцца і прадстаўнікі іншых канфесій»



Колькі скаўтаў у розных краінах
(звесткі Сусветнай арганізацыі сяброў скаўцкага руху)



Арменія 2 385

Вялікая Брытанія 444 271

Конга 71 486

Чэхія 23 088

Індыя 2 423 686

Ізраіль 21 920

Казахстан 1 640

Літва 2 107

Польшча 61 394

Расія 14 130

Украіна 2 475

ЗША 5 970 203

Беларусь ??



А вось як бачаць сябе і сваю арганізацыю
сённяшнія беларускія скаўты:



Так лягчэй, чым самому...



Усе спробы высветліць, якія менавіта каштоўнасці прышчапляе дзецям сучасны скаўцкі рух, скончыліся для мяне паразай і пустымі словамі. Агульнавядомы факт, што піянерская арганізацыя толькі капіявала скаўцкую ініцыятыву. Але калі слухаеш скаўцкіх лідэраў, з'яўляецца падазрэнне, што ў Беларусі магло стацца і наадварот — сённяшнія скаўты сталі нашчадкамі савецкай піянерыі.



Аднак і скаўты ў Беларусі яшчэ зусім нядаўна былі розныя. Вось што распавядае сябар гвалтоўна ліквідаванага Аб’яднання беларускіх скаўтаў Максім Чарняўскі:


У сярэдзіне 90-х быў раскол у скаўцкім руху, як і ва ўсім грамадстве...



Кіраўнік існуючай скаўцкай арганізацыі Ігар Касцевіч характарызуе сваю арганізацыю наступным чынам:


Жывем сваім жыццём, як і ўсякая арганізацыя...



Як можна заўважыць, пэўная ідэалогія ўсё ж ёсць, прычым настолькі моцная, што ў барацьбе за існаванне розныя плыні скаўцкага руху знікалі менавіта з ідаалагічных прычын. Кажа Максім Чарняўскі:


З арганізацыйя Касцевіча ў нас была розная бацькаўшчына...



Вось што кажа скаўт-канцлер ліквідаванага «Аб’яднання беларускіх скаўтаў» Канстанцін Хадыка:


Адбылося мэтанакіраванае закрыццё грамадскай арганізацыі...



Між тым дзецям і падлеткам калектыў неабходны, каб стаць паўнавартаснай і самастойнай асобай. Культуролаг Наста Дзянішчык падкрэслівае:


Дзіця нельга выхоўваць, з ім трэба сябраваць...



Здаецца, гэты прынцып яшчэ не зусім відавочны для лідэраў нават тых дзіцячых арганізацыяў, якія мы прызвычаіліся лічыць найбольш прасунутымі.



Нягледзячы на тое, што манаполія на дзіцячыя галовы ўжо не належыць дзяржаве, сапраўднай альтэрнатывы яшчэ няма. Але не бывае пустым святое месца, таму дзеці і падлеткі, як заўжды, ствараюць стыхійныя ініцыятывы, пра што мы распавядзем у наступных выпусках праграмы «Дзеці свабоды».

Слухаць