Гульня «НАША Беларусь» адбылася!

24.11.2010

Андрэй Палявік, “Політэхнічная гімназія № 6 г. Мінска”

У чацвер, 11 лістапада адбылася нацыянальная інтэрактыўная Інтэрнэт-гульня, прысвечаная асобе Міхала Клеафаса Агінскага. У чарговай сесіі гульні прынялі ўдзел 57 каманд са школ, гімназій, каледжаў з розных куткоў нашай краіны.

На працягу трох гадзін ўдзельнікі спрабавалі сябе ў ролі інтэлектуалаў, якія фармавалі сваё бачанне гістарычнай перспектывы нашай краіны праз цікавую асобу Міхала Клеафаса Агінскага.

Унікальная аўтарская тэхналогія гульні, народжаная Маладзёжным адукацыйным клубам Newline, у чарговы раз падцвердзіла сваю актуальнасць. Гульня атрымалася, і сведчаннем гэтага – не толькі аграмадны аб’ём мегабайтаў, які даслалі ўдзельнікі гульні і з якім з цяжкасцю справіліся эксперты.

Што не менш важна – поспех гульні падцвердзілі шматлікія электронныя лісты ўдзельнікаў. Кажа кіраўнік праекта “НАША Беларусь”, дырэктар клуба NEWLINE Соф’я Савелава: “Вашы водгукі паказваюць тое, што дотык да лёсу і жыцця нашага выбітнага земляка для многіх з вас стаў штуршком да ўсведамлення Гісторыі як фактара развіцця нашага жыцця."

Думаем, што многія ўдзельнікі гульні спрабавалі ўявіць сябе на месцы Міхала Клеафаса, а ўявіўшы – зразумець цяжкасць і неадназначнасць сітуацый, у якіх нашаму славутаму земляку даводзілая прымаць лёсавызначальныя рашэнні, а ўявіўшы гэта – захапіцца яго высакароднасцю, талентам і адданасцю Радзіме.

«Яшчэ больш хацелася б, каб праца з гістарычным матэрыялам вучыла нас атрымліваць уласныя ўрокі, разумець асновы і механізмы развіцця сябе, сітуацыі, краіны, чалавецтва. Менавіта пра гэта мы і хацелі б паразважаць разам з вамі на нашай рэальнай сустрэчы падчас працы майстар-класу Інтэрнэт-гульні “НАША Беларусь: разам з Міхалам Клеафасам Агінскім”, – падагульняе Соф’я Барысаўна.

Арганізатары гульні «НАША Беларусь: разам з Міхалам Клеафасам Агінсім» – Маладзёжны адукацыйнагы клуб ”NEWLINE“, Маладзёжнагае грамадскае аб’яднанне “Гісторыка”, “Політэхнічная гімназія № 6 г. Мінска”, “Гімназія № 10 г. Маладзечна” – выказваюць падзяку за добрыя словы і цікавасць да гульні, а таксама спадзяюцца на далейшае плённае супрацоўніцтва. Андрэй Палявік, “Політэхнічная гімназія № 6 г. Мінска”

З задавальненнем прапануем вашай увазе водгукі, каментары і нават паўнавартасныя творы журналісцкага мастацтва, дасланыя ўдзельнікамі гульні.