4 снежня а 12-й
У найбліжэйшую суботу аўтары праекта “Савецкі Гродна: у пошуках штодзённасці” запрашаюць усіх, хто цікавіцца архітэктурай і гісторыяй горада на экскурсію пад назвай “Самая звычайная вуліца. Мінулае сучаснага Гродна на прыкладзе вуліцы Горкага”.
Савецкі Гродна – гэта час прынцыповых зменаў не толькі ва ўнутраным абліччы горада.
Гэта час велізарных прамысловых абшараў, пабудовы першых спальных раёнаў, час, калі горад фантастычна хуткімі тэмпамі павялічваўся ў памерах.
У 1950-х – 1980-х гг. у горадзе паўсталі не толькі новыя будынкі тэатраў, кінатэатраў і ўладных установаў, якія павінны былі засведчыць перамогу новага ладу, але і мноства звычайных шэрых шматпавярховікаў, якія далі прытулак усім тым, хто перабіраўся з вёскі ў горад, да больш заможнага і свабоднага жыцця.
Гісторык Андрэй Вашкевіч:
- Мы хочам паказаць эвалюцыю Гародні ў яе шэраговых раёнах. Вуліца Горкага адлюстроўвае ўсе этапы развіцця Гародні з 18 стагоддзя і ўсю гісторыю горада ў савецкія часы. Мы ўбачым, дзе праходзіла мяжа горада ў розныя часы: раддом – сярэдзіна 60-ых гадоў, скрыжаванне з вуліцай Астроўскага – пач.20 стагоддзя, плошча Тызенгаўза – канец 18 стагоддзя...
Экскурсія пачнецца 4 снежня а 12-й гадзіне.
Сустрэча ўдзельнікаў насупраць рынка “Карона” каля Консульства Літоўскай рэспублікі.
Паводле «Кронікі грамадзкага жыцьця Гарадзеншчыны»