Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў праз год пасьля разгляду праекту Кодэксу аб адукацыі ў першым чытаньні нечакана прынялі дакумэнт у чытаньні другім. У Кодэксе засталіся палажэньні, якія робяць сыстэму разьмеркаваньня больш жорсткай, а таксама абмежаваньні на аднаўленьне ў ВНУ. Плянуецца, што закон пачне дзейнічаць з 1 верасьня 2011 году.
Шматпакутны Кодэкс аб адукацыі пісалі і перапісвалі каля пяці гадоў. І на апошнім перад выбарамі паседжаньні дэпутатаў ён усё ж дабраўся да другога чытаньня, дзе і быў прыняты. Асноўныя палажэньні Кодэксу, якія ўзмацняюць сыстэму разьмеркаваньня і абмяжоўваюць тэрмін аднаўленьня ў ВНУ трыма гадамі, засталіся нязьменнымі. Але ў праўны акт усё ж дадаліся некалькі новых палажэньняў.
Па словах дэпутата Ўладзіміра Здановіча, які прадстаўляў у парлямэнце канчатковы праект Кодэксу:
«У нашай краіне кожны мае права на адукацыю. Для яго рэалізацыі забясьпечваецца […] роўнасьць беларускай і рускай моваў у навучаньні».Па яго словах «пры жаданьні навучэнцаў або іх законных прадстаўнікоў могуць стварацца групы, клясы, дзіцячыя садкі, школы, у якіх навучаньне і выхаваньне ажыцьцяўляюцца на мове нацыянальнай меншасьці або вывучаецца мова нацыянальнай меншасьці».
Адзіная заўважная моўная зьмена — дазвол ВНУ поўнасьцю ажыцьцяўляць навучальны працэс на замежнай мове (такі прэцэдэнт ужо мае месца ў БДУІРы). А ствараць установы адукацыі дазволілі замежным грамадзянам і дзяржавам.
РАЗЬМЕРКАВАНЬНЯ НЕ ПАЗЬБЕГНУЦЬ
Кодэкс аб адукацыі зьмяняе беларускую адукацыйную сыстэму, у тым ліку і працэдуру разьмеркаваньня выпускнікоў, робячы яе больш жорсткай. Паводле праекту Кодэксу аб адукацыі, калі палова і больш тэрміна навучаньня праходзіла за кошт бюджэту, то выпускнік падлягае разьмеркаваньню. У такім выпадку адпрацоўваць прыйдзецца нават пасьля сканчэньня завочнага. Імпэт маладога спэцыяліста падпарадкавацца волі ўнівэрсытэта падмацуюць «дамовы на падрыхтоўку», у якіх будуць агавораныя ўсе істотныя ўмовы: на платнай аснове альбо за кошт бюджэту ідзе навучаньне, умовы разьмеркаваньня. Дамовы будуць заключацца адразу пры паступленьні ў ВНУ.
АДЛІЧЫЦЬ СТУДЭНТА СТАНЕ ЛЯГЧЭЙ
Студэнтаў змогуць адлічыць за акадэмічную запазычанасьць, непасьпяховасьць па тром і болей дысцыплінам, няяўку на іспыт, пропуск заняткаў без уважлівай прычыны больш за 30 дзён у год, неўнясеньне платы за навучаньне.
Таксама пашыраецца сьпіс падставаў для сыходу ў акадэмічны адпачынак (зьніжэньне працаздольнасьці) і ўсталёўваецца тэрмін аднаўленьня ў выпадку адлічэньня з ВНУ. Пасьля прыняцьця Кодэксу аднавіцца можна будзе на працягу трох гадоў з моманту адлічэньня, але не раней, чым праз 10 месяцаў.
У выпадку, калі студэнта забіраюць у войска (напрыклад, калі ён паступіў на завочнае пасьля 1 верасьня 2010 году), то па вяртаньні са службы яго на працягу года мусяць аднавіць у тое ж ВНУ.
ЦЯПЕР І БАЛОНЬСКАЯ СЫСТЭМА
Паводле праекту Кодэксу, у Беларусі будуць асобна існаваць сыстэмы «вышэйшай адукацыі» і «пасьлявнуўшнай адукацыі». Паводле Здановіча, тое крок да Балоньскай сыстэмы. Хаця слова «бакаляўр», прынамсі ў праекце прынятым у першым чытаньні, не прыгадвалася. Адпаведна з Кодэксам аб адукацыі, сыстэму «пасьлявнуўшнай» адукацыі падзеляць на асьпірантуру і дактарантуру.
Таксама ў Беларусі зьявіцца дыплём дасьледчыка. На гэты дакумэнт змогуць разьлічваць тыя выпускнікі асьпірантуры, што не атрымалі ступень кандыдата навук, то бок не абаранілі дысэртацыю.
Сымбалічна, што менавіта ў дзень прыняцьця беларускага Кодэксу аб адукацыі ў расейскім інтэрнэце стартавала санкцыянаванае расейскімі ўладамі грамадзкае абмеркаваньне праекту закону аб адукацыі. У ім адмяняецца большая частка льготаў пры паступленьне ў ВНУ, унівэрсытэты абавязваюць сур’ёзна заняцца навукай. Пра прымусовае разьмеркаваньне няма ні слова.
Беларускі Кодэкс быў прыняты, як і ў большасьці выпадкаў, у атмасфэры сакрэтнасьці. Цяпер яго чакае разгляд у Савеце Рэспублікі і подпіс прэзыдэнта. Зрэшты, апошні варыянт Кодэксу дагэтуль недаступны грамадзкасьці.
Алесь Bezuher, generation.by