Грузія запрасіла 10 тыс. настаўнікаў ангельскай мовы

08.12.2010

Носьбіты мовы з усяго свету згодныя працаваць за $300 на месяц.

Настаўнікі-валанцёры з Аўстраліі, Вялікай Брытаніі, Ірландыі, Канады і ЗША удзельнічаюць у праграме “Навучай і вучыся з Грузіяй”. Яе ініцыяваў прэзідэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі. Мэта праграмы – падвысіць узровень ведаў ангельскай мовы сярод школьнікаў.

Раней Міхэіл Саакашвілі заявіў, што ўжо праз 4 гады ўсе грузінскія дзеці ад 5 да 16 гадоў будуць свабодна размаўляць па-ангельску. То бок гэтая мова стане для іх другою пасля роднай.

“Тое, што мы робім у Грузіі цяпер, і тое, што мы зробім за наступныя гады, – гэта сапраўдная адукацыйная рэвалюцыя. Нічога падобнага не было зроблена ні ў воднай з постсавецкіх краінаў”, – сказаў Саакашвілі.

Паводле Міністэрства адукацыі, сярод замежных моваў у Грузіі ангельская ўжо цяпер ёсць найбольш папулярнаю. Міністр адукацыі ды навукі Грузіі Дзмітрый Шашкін кажа, што з наступнага года настаўнік-валанцёр будзе працаваць у кожнай школе. Ён мяркуе, што гэта падвысіць узровень ведання мовы не толькі школьнікаў, але і грузінскіх педагогаў, паколькі апошнія будуць працаваць у пары з замежнікам.

Паводле праграмы, замест заробкаў валанцёры штомесяц атрымліваюць 500 лары (каля $300) на штодзённыя выдаткі, а жывуць у сем’ях. Ім аплачваюць таксама медычную страхоўку і зваротны авіябілет. Большасць замежных настаўнікаў да ўдзелу ў праграму прыцягвае магчымасць павандраваць і пазнаёміцца з экзатычнаю для іх культураю.