Аляксандр Лукашэнка прызначыў сёньня 18 новых міністраў ва ўрад Мясьніковіча. Міністрам адукацыі стаў былы рэктар ГрДУ, дэпутат парлямэнту Сяргей Маскевіч.
Былы рэктар Сяргей Маскевіч (пасярэдзіне) на фоне ўласнага партрэту ў ГрДУ. Фота fotogrodno.net
Сяргей Маскевіч трапіў у міністэрскае крэсла наўпрост з дэпутацкага, якое займаў апошнія 5 гадоў (двойчы выбіраўся ў Палату прадстаўнікоў ад Гародні). У парлямэнце ён узначальваў камітэт Палаты прадстаўнікоў па міжнародным справам і сувязям з СНД.
Паводле афіцыйнай біяграфіі, Маскевічу 57 гадоў, паходзіць ён з Шчучынскага раёну. Вучыўся і пачынаў кар’еру ў Гарадзенскім дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэце. Восем гадоў быў рэктарам Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Мае ступень доктара фізыка-матэматычных навук. Вядома, што раней Маскевіч займаўся «спэктраскапіяй біяарганічных малекул».
У 2006 годзе студэнты-стыпэндыяты праграмы імя Каліноўскага запатрабавалі забараніць былому рэктару Маскевіча ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу. Са словаў студэнтаў, цягам некалькіх гадоў з ГрДУ імя Янкі Купалы па палітычных матывах былі выключаныя 6 студэнтаў. На іх думку, былы рэктар «непасрэдна займаўся перасьледам і адлічэньнем з унівэрсытэту сябраў недзяржаўных арганізацыяў».
Так, у час кіраваньня Маскевіча з ГрДУ за графіці «Спынім русіфікацыю!» быў выключаны студэнт беларускай філялёгіі Яўген Скрабутан.
Таксама Маскевіч вядомы сваімі заявамі пра шкоду, якую можа нанесьці беларуская мова спэцыялістам у іх прафэсійнай дзейнасьці. У прыватнасьці, ён лічыць, што «чалавек, якому ўсе спэцыяльныя тэрміны будуць выкладаць па-беларуску, сутыкнецца з праблемамі ў прафэсійнай дзейнасьці».
Нагадаем, папярэдні міністар адукацыі Аляксандр Радзькоў сышоў у адстаўку разам з усім урадам 27 сьнежня.
Андрэй Сьмятаньнікаў, generation.by