З Новым 2011 годам!

31.12.2010

Шаноўныя калегі!

У апошні дзень года прынята падводзіць вынікі мінулага. Хаця настрой зусім не святочны, вынікі года трывожныя, але ў нас усіх з’явілася надзея. І у гэтым ёсць вашая заслуга.



Дзякуй вам, Настаўнікі, што вытрымалі ўсе здзекі і не кінулі сваёй справы.
Цэлы год вы пісалі пра праблемы ў адукацыі, прапаноўвалі шляхі іх вырашэння, крычалі паратунку ў надзеі, што міністэрства дасць адказ. Дарэмна. Не дачакаліся. Міністр Радзькоў не бачыў сэнсу звяртаць увагі на стан у сваім ведамстве, не адважыўся на размову і нават адпіску. За гэта, відаць, пайшоў на падвышэнне. А мы ў новы год з новым міністрам! Будзем спадзявацца, што Сяргей Маскевіч будзе не глухі і не сляпы да настаўніцкіх праблемаў. А калі не – дык і яго хутка на падвышэнне возьмуць, не сумнявайцеся. Дачакаемся лепшага.

Дзякуй вам, Настаўнікі, за нашую моладзь!
Гэта вашыя вучні выйшлі на плошчу супраць няпраўды, гэта яны адважна заявілі – мы хочам жыць без страху і прыніжэння, ГЭТА ЯНЫ ВЫЙШЛІ ЗА ВАС!

Дзякуй вам, Настаўнікі, што занялі актыўную пазыцыю, паказалі нам, што МЫ – НАРОД.
Менавіта настаўнікі ўзялі на сябе смеласць і палічылі галасы на выбарах. Аказваецца, там дзе лічылі, паўсюль патрэбны другі тур(!) — і гэты факт настаўнікі сваімі подпісамі заверылі ў афіцыйнах пратаколах. Дзякуючы настаўнікам, мы даведаліся, што і пенсіянеры, і даведзеныя да скоцкага стану вяскоўцы, і навязаныя на кантракты бюджэтнікі, і вайскоўцы – усе хочуць зменаў! Асабісты дзякуй педагогам СШ №4 і гімназіі № 6 г. Мінска, – тут можна прачытаць і пабачыць, што можна заставацца чалавекам у любых умовах.

Дзякуй і тым, хто выбраў для сябе шлях негвалтоўнага супраціву – проста не ўдзельнічаў ў беззаконні: не пайшоў у камісіі, не прымушаў выпісваць тога “Спасацеля”, не здаваў грошы на суботнікі, адмаўляўся ад ідэалагічнай прамыўкі мазгоў дзецям… А проста вучыў ведам і быць людзьмі. І такіх большасць. Прыкладам, ў Партызанскім раёне сталіцы з настаўнікаў не змаглі сфармаваць ніводнай участковай камісіі. Выснова – гэта няпраўда, што рэжым трымаецца на настаўніках. Рэжым трымаецца на страху. Не бойцеся!

Дзякуй і Вам асабіста … ( тут кожны калега вольны напісаць імя істоты, якая ў школе перашкадзае жыць ўсяму калектыву сваімі плёткамі, разборкамі, непрафесіяналізмам, жаданнем выслужыцца…– на жаль, зараз іх час)! Дзякуй вам, істота, за тое, што нашыя дзеці бачыць вас штодня. Няма патрэбы шукаць пачвару сярод літататурных герояў, каб яны мелі перад вачыма адмоўны прыклад. Дзякуючы вам, нашыя дзеці становяцца больш моцнымі, салідарнымі і перакананымі, што дабро павінна перамагчы зло.

З Новым годам, дарагія калегі!
Зычым вам аптымізму, салідарнасці, справядлівасці, рашучасці. Праўда пераможа, але як хутка — залежыць ад нас. ЗАСТАВАЙЦЕСЯ БЕЛАРУСАМІ!

Ваш Настаўнік.info