Свята «Шчадрэц»

10.01.2011

15 студзеня

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашае сваіх сяброў на свята «Шчадрэц», якое адбудзецца 15 студзеня 2011 года а 13 гадзіне і працягнецца да 15 гадзін.

Шчадрэц – язычніцкі бог балявання і бяседы. У яго гонар са старажытных часоў на Беларусі існавала яркае, карнавальнае свята “Шчадрэц”, якое адзначалі падчас Каляд. Каляды – першае зімовае свята дахрысціянскага паходжання, адным з галоўных сімвалаў якога з’яўляецца Калядная зорка. Царква прымеркавала да старажытных Каляд рэлігійныя святы Нараджэння Хрыста і Вадохрышча. Шчодрая вячэра (Шчадрэц) традыцыйна святкавалася з 13 на 14 студзеня.

Адметнасцю сёлетняга святкавання на музеі стане паказ унікальнага абрада «Калядныя Цары» з в. Семежава Капыльскага р-на Мінскай вобласці, які выконваецца выключна мужчынскім гуртом. Абрад уяўляе сабой шэсце ражаных па вёсцы пад грукат барабана з дэманстрацыяй камічных сцэн. Яркія карнавальныя касцюмы ўдзельнікаў, інтрыга і добры настрой чакаюць вас.

Акрамя гэтага, кожны, хто прыйдзе на свята з падрыхтаванай дома Каляднай зоркай, прыме ўдзел у конкурсе на лепшую Калядную зорку. Удзельнікі конкурса павінны творча прадставіць свой твор. Пераможцу вызначаць удзельнікі абрада “Калядныя Цары”.

Пад час свята кожны ўдзельнік свята зможа пазнаёміцца з экспазіцыяй музея, убачыць спектакль лялечнага тэатра Батлейка, зрабіць незабыўныя фотаздымкі з удзельнікамі свята. За дадатковую плату можна набыць лепшыя ў нашых мясцінах сувеніры ад народных майстроў, а таксама смачна пад’есці ў Карчме.

Экспазіцыя музея працуе з 10.00 да 16.00. Каса працуе з 10.00 да 15.30.
Кошт квіткоў для ўсіх катэгорый наведвальнікаў – 8 000 рублёў.
Шаноўныя наведвальнікі! Калі ласка, паклапаціцеся аб абутку і вопратцы згодна пагодных умоў.
Свята “Шчадрэц” адбудзецца пры любым надвор’і!

Глядзець мапу праезда
Як даехаць на аўтобусе

Паводле etna.by