Наталля Ільініч, настаўніца гісторыі Талькаўскай школы Пухавіцкага р-на, можа страціць працу, а дзеці – любімую настаўніцу. Яе кантракт сканчаецца 27 студзеня, але 11 студзеня дырэктар Талькаўскай школы Наталля Віктараўна Меркуль паведаміла, што кантракт на новы тэрмін заключаны не будзе. На пытанне па якой прычыне, дырэктарка адказала — «Я баюся».
Наталля Ільініч лічыць, што кіраўніцтва школы атрымала загад пазбавіцца ад настаўніцы з дэмакратычнымі поглядямі. Справа ў тым, што 5 студзеня ў яе хаце быў праведзены вобшук. Рабілі яго супрацоўнікі КДБ, якія не прадставіліся і намеснік начальніка Аддзелу крымінмльнага вышуку Пухавіцкага РАУС маёр міліцыі Р.В. Макараў. Вобшук рабіўся па справе, звязанай з падзеямі на плошчы 19 снежня 2010 г. Ніякай крамолы пры вобшуку ў настаўніцы не знайшлі і знайсці не маглі. Забралі на праверку некалькі літаратурных часопісаў і сістэмны блок камп'ютара, без якога стала цяжэй рыхтавацца да заняткаў.
Цяпер кіраўніцтва школы актыўна шукае на настаўніцу кампрамат. Але ніякіх парушэнняў за перыяд папярэдняга кантракту не было. А вось дырэктар школы Наталля Меркуль — парушыла закон, бо пра непадаўжэнне кантракту яня павінна была паведаміць настаўніцы за месяц да яго сканчэння.
Наталля Ільініч – прапрацавала ў Талькаўскай школе 25 год, мае шмат узнагародаў за добрую працу, публікацыі ў педагагічных і краязнаўчых выданнях, аўтарка сайту Nastaunik.info, разам з дзецьмі вядзе краязнаўчы сайт http://talka.info . Нядаўна пра яе пісала газета «Звязда».
Ліст у рэдакцыю
Настаўніцу збіраюцца пазбавіць працы
14.01.2011