За звольненую настаўніцу з 26-гадовым стажам заступіліся вучні і калегі

26.01.2011

Настаўніца гісторыі Натальля Іллініч адпрацавала 26 гадоў у Талькаўскай школе Пухавіцкага раёну. У студзені дырэктар школы, якая працуе на гэтай пасадзе тры месяцы, не падоўжыла кантракт з Іллініч.

Не дапамаглі нават заступніцтвы калег, вучняў і іх бацькоў. Адной з прычынаў звальнення, па словах настаўніцы, стаў ператрус у яе дома.

Іллініч: 11 студзеня я атрымала папярэджанне, што 27 студзеня сканчваецца кантракт са мной і яго не працягнуць. Я запыталася прычыну. Дырэктарка адразу сказала, што ў вас быў ператрус (забралі мой камп’ютар) у сувязі з падзеямі 19 снежня.

Еўрарадыё: Але, мабыць, ператрус быў не асноўнай прычынай?

Іллініч: Дырэктарка сказала, што яна баіцца. Што настаўнік павінны быць законапаслухмяным, а калі ў вас быў ператрус – значыць, вы былі не зусім законапаслухмяныя. І таму яна сказала, што не будзе са мной заключаць кантракт.

Еўрарадыё: А ў чым была ваша незаконапаслухмянасць?

Іллініч: Яшчэ ў мінулым годзе ў нас Талькаўскі сельсавет ліквідоўвалі. Сход быў вялікі — з райвыканкаму людзі прыехалі. І ўсе прагаласавалі супраць, усе да аднаго чалавека. І паперу напісалі. А праз тры дні “Пухавіцкія навіны” напісалі, што ліквідоўваецца Талькаўскі сельсавет і большасць людзей за тое, каб яго ліквідаваць. Людзі былі абураныя. І папрасілі мяне і яшчэ некалькі чалавек, каб мы сабралі подпісы. Мы сабралі каля 200 подпісаў, маглі і больш сабраць, і напісалі зварот у Пухавіцкі раённы савет і Мінскі абласны савет перагледзець гэтае рашэнне. Бо яно няправільнае і паніжае статус Талькі. Карацей, даволі жорстка пакрытыкавалі ўлады. І яшчэ нам сказалі, што гэта адбылося з-за таго, што дэпутаты Талькаўскага сельсавету прагаласавалі за ліквідацыю. Яны як здраднікі выступілі, і мы адклікалі нашых дэпутатаў. Гэтая заява аб адкліканні была разам са скаргай. Гэта раз’юшыла раённае начальства. Літаральна праз некалькі дзён нашая былая дырэктарка Данута Багдзевіч атрымала загад не працягваць са мной кантракт. Але насуперак патрабаванням райвыканкаму дырэктарка працягнула кантракт. А праз чатыры дні 15 снежня Таіса Данілевіч выклікала ў Мінскае абласное ўпраўленне адукацыі мяне і яшчэ пяць настаўнікаў з Мінскай вобласці (гэта ўсё былі сябры апазіцыйных партый). Яна запатрабавала, каб мы выйшлі са сваіх партый альбо напісалі заяву аб звальненні з працы. Я і настаўнік фізкультуры з Нясвіжу Алесь Язвінскі напісалі заяву ў пракуратуру. У пракуратуры Данілевіч адмовілася ад таго, што яна патрабавала выйсці нас з партыі, а выклікала нас, каб паразмаўляць пра якасць нашай працы. Яе намеснікі і начальнік РАА нашага пацвердзілі яе словы. Яны ілжэсведчылі, і таму пракуратура абмежавалася толькі тлумачэннем нам. Нам была дасланая папера, што ёй патлумачылі, што нельга парушаць правы грамадзянаў. І вось на гэтым нібыта ўсё скончылася. А цяпер кантракт скончыўся – і гэта ўсе мне ўзгадалі.

Еўрарадыё: Вы казалі, што была нейкая іншая дырэктарка, якая працягнула з вамі кантракт?

Іллініч: Так, была Данута Багдзевіч — яна мясцовая, зараз на пенсіі. А з 1 верасня з Мар’інай Горкі прыйшла Наталля Меркуль. Ёй, пэўна, было гэта лягчэй зрабіць, бо яна тут не жыве, не ходзіць побач з гэтымі людзьмі.

Еўрарадыё: Вашыя былыя вучні Вас падтрымлівалі?

Іллініч: Так, яны у панядзелак прынеслі просьбу, што я нядрэнная настаўніца. А праз дзве гадзіны я атрымала загад пра звальненне. І бацькі таксама пісалі просьбы.

Еўрарадыё: Як настаўніцкая супольнасць адрэагавала на вашае звальненне?

Іллініч: Мне асабіста прафкам спрыяў. Але яны нічым не маглі мне дапамагчы. Бо дырэктарка мае права сама гэта вырашыць. Я прасіла правесці прафсаюзны сход, але пабаяліся, што гэта ўзбунтуе калектыў. Напісала старшыня прафкаму хадайніцтва з просьбай працягнуць на год мне кантракт, але на яго не было станоўчай рэакцыі.

Еўрарадыё: Што вы зараз будзеце рабіць?

Іллініч: Шукаць новую працу. Суд не падтрымае мяне. Усё зроблена паводле закону.

Еўрарадыё: Ці вы працягнеце весці выхаваўча-краязнаўчую старонку talka.info і ладзіць “Талькаўскі фэст”?

Іллініч: Калі мне вернуць камп’ютар, бо пакуль я нават у інтэрнэт не магу выйсці.

Еўрарадыё