Кампанія “BelTonMedia” выпусьціла дзьве новыя аўдыёкнігі твораў беларускай клясыкі. Гэта раман Уладзімера Караткевіча «Чорны замак Альшанскі" і «Дзьве душы» Максіма Гарэцкага. На апошнім, апрача аднайменнай аповесьці, гучаць таксама апавяданьні «Літоўскі хутарок», «Роднае карэньне» і «Рускі". Абодва дыскі выпушчаныя ў фармаце mp3.
У гістарычным рамане-дэтэктыве «Чорны замак Альшанскі" Ўладзімер Караткевіч уваскрашае падзеі, якія адбываюцца ў далёкім мінулым, але гістарычна і сюжэтна зьнітаваныя з сучаснасьцю. За гэты твор у 1984 годзе аўтара пасьмяротна ўганаравалі Дзяржаўнай прэміяй імя Якуба Коласа. У той самы час на кінастудыі «Беларусьфільм» Міхаіл Пташук зьняў паводле раману двухсэрыйны мастацкі фільм «Чорны замак Альшанскі". Аўдыёкнігу ж начытаў вядомы майстар маўленьня, прафэсар Андрэй Каляда, а аздобіў выданьне мастак Аляксей Кульбіцкі. Агульны час гучаньня — 21 гадзіна 36 хвілін.
У плянах кампаніі — выдаць поўны аўдыёзбор творчай спадчыны Караткевіча. Распавядае дырэктар “BelTonMedia” Алесь Квіткевіч:
«Усіх назваў на сёньня зроблена восем, да выданьня дайшлі тры. Гэта дыск паэзіі «Быў. Ёсьць. Буду», «Чорны замак Альшанскі", які вось кагадзе выйшаў, і на двух дысках найбольш, напэўна, знакаміты раман «Каласы пад сярпом тваім». Будуць яшчэ аповесьці асобным дыскам — «Сівая легенда», «Ладзьдзя роспачы», «Цыганскі кароль» і «Чазенія», двухдыскавы раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні", і таксама «Дзікае паляваньне караля Стаха».
Дыск «Дзьве душы» — другая аўдыёкніга Максіма Гарэцкага. Яна гучыць 6 гадзін і 58 хвілін у выкананьні вядомага тэатральнага рэжысэра Валера Мазынскага. Першай была аўдыёкніга «На імпэрыялістычнай вайне», выдадзеная прыватнай ініцыятывай прыкладна год таму.
Усяго ж палічка беларускай клясыкі ў аўдыёфармаце з лэйблам “BelTonMedia” налічвае каля трох дзясяткаў назваў. Прычым гэта ня толькі кнігі беларускай клясыкі, але і сусьветнай у перакладзе на беларускую мову, той жа Оруэл, да прыкладу. Цяпер у актыўнай працы яшчэ добры тузін. У прыватнасьці, рыхтуюцца да выданьня аўдыёкнігі Янкі Маўра «Палескія рабінзоны» і "Ў краіне райскай птушкі", а таксама «Маленькі прынц» Экзюпэры.
Радыё Свабода
Паслухайма Караткевіча і Гарэцкага
27.01.2011