Новы навучальны фільм ад ТБШ

28.01.2011

Таварыства беларускай школы прэзентуе навучальны фільм “Як жанілі Цярэшку”. Фільме багаты на песенны, танцавальны і музычны матэрыял святкавання і правядзення народнага каляднага ігрышча, што нясе навуковую інфарматыўнасць для тых, хто вывучае фальклор, народную спадчыну. Фільм пабачыў свет дзякуючы намаганням і творчаму патэнцыялу Кацярыны Баброўскай і старшыні ТБШ Алеся Лозкі.

Здымкі унікальнага матэрыяла адбываліся ў вёсцы Аношкі Лепельскага раёна. Менавіта на Лепельшчыне дагэтуль захаваўся унікальны абрад “Жаніцьба Цярэшкі”.

У фільм увайшлі сцэнар правядзення ігрышча “Жаніцьба Цярэшкі”, а таксама народныя гульні “Вішанька”, “Пацалунак”, “Стайскі паясок”, танцавальная гульня “Бабыль”, танцы “Падэспань”, “Кракавяк”,”Лявоніха”, запісы народных спеваў, месца язычніцкага культа цудадзейнага дрэва, дададзеныя каментары знаных беларускіх фалькларыстаў і навукоўцаў Таццяны Валодзінай і Алеся Лозкі.

Таварыства Беларускай школы ўзнагародзіла спецыяльнымі граматамі за захаванне нацыянальнага шэдэўра нематэрыяльнай культуры наосьбітаў вуснай народнай творчасці і захавальнікаў абрадавай гульні “Жаніцьба Цярэшкі” Еўдакію Яфімаўну Крыцкую, Зінаіду Пятроўну Мірановіч, Людмілу Кірылаўну Крыцкую. З іхных вуснаў былі запісаны аўтэнтычныя спевы і расказы пра правядзенне абрадавага ігрышча.

Кіраўнік праекта – Кацярына Баброўская, навуковы кансультант і сцэнарыст – Алесь Лозка, аператары – Зміцер Галямаў і Таццяна Балахова. У ролях: Валянціна Крыцкая, Аляксей Часнакоў, Вольга Маханенка, Валеры Тухта, Надзея Пруская, Галіна Жураўлёва і іншыя жыхары вёсак Лепельскага раёна Віцебскай вобласці.