Слуцкая Настаўніца года: Беларусы загавораць на роднай мове, калі ўсвядомяць, што яны не рускія

23.02.2011

Напярэдадні Дня роднай мовы карэспандэнт “Кур’ера” пагутарыла з пераможцам раённага конкурсу “Настаўнік года” — Інай Серадзінскай, выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры Слуцкай СОШ № 13.



— Іна Алікаўна, раскажыце, чаму вы вырашылі ўдзельнічаць у конкурсе?

— Я захацела падзяліцца сваім вопытам. Вырашыла, што прыйшоў час паказаць, які я творчы і крэатыўны настаўнік.

— Ведаю, што адзін з адкрытых урокаў вы праводзілі пры свечках. Што натхніла вас на такую рамантыку?

— Я сама па сабе вельмі рамантычная натура. І лічу, што такія ўрокі дапамагаюць зблізіцца настаўніку з вучнямі.

— Што вы адчулі, калі перамаглі ў конкурсе?

— Як бы дзіўна гэта ні гучала, ніякай радасці не было. Я адчувала фізічную і маральную стомленасць. Журы не апавяшчала вынікаў некаторых этапаў конкурсу, і гэта толькі ўзмацняла барацьбу і напружвала становішча.

— Хто паўплываў на ваш выбар прафесіі?

— Калі ўсе дзеткі ў тры-чатыры гадка гулялі з лялькамі ў дочкі-маці, то я з лялькамі гуляла ў школу. А затым, у пятым класе, да нас у школу прыйшла маладая настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Яна мне вельмі спадабалася менавіта тым, што была адкрытая з намі. Яе ўрокі былі вельмі цікавыя. І тады я зразумела, што хачу быць падобнай на яе.

— Чаму менавіта беларуская мова і літаратура?

-Я патрыёт сваёй Радзімы. І лічу, што беларуская мова — самая прыгожая з усіх, якія існуюць.

— Прафесія настаўніка патрабуе індывідуальнага падыходу да кожнага вучня. Як вы знаходзіце агульную мову з дзецьмі?

Я імкнуся быць адкрытай і сумленнай з вучнямі, спрабую размаўляць з імі на адным узроўні і ў любой сітуацыі зразумець іх ўчынкі.

— Можа, вы ведаеце, хто з вашых вучняў размаўляе і дома на роднай мове?

На дадзены момант такіх вучняў няма. Хаця раней яны былі. Сама ж я дома размаўляю як на беларускай, так і на рускай мове.

— Як вы лічыце, калі ўсе беларусы загавораць на роднай мове?

— Калі ўсвядомяць, што яны беларусы, а не рускія.

— Хто з беларускіх пісьменнікаў ваш любімы?

— З паэтаў Максім Багдановіч. Ён падабаецца мне таму, што чысты, светлы чалавек. Ён, як і я, рамантык. А з пісьменнікаў я аддаю перавагу Васілю Быкаву. Усе яго творы прасякнуты глыбокім псіхалагізмам.

Гутарыла Наталля Жаўрыд, Інфа-Кур’ер