Адбылося папярэдняе слуханне ў справе Наталлі Ільініч, якую звольнілі з працы пасля ператрусу ейнай хаты службоўцамі КДБ і МУСу.
Прычына звальнення – недахопы ў вядзенні школьнай дакументацыі. У гэтым пераконвала суддзю дырэктар школы Наталля Мяркулава. Але былая настаўніца гісторыі вышэйшай катэгорыі талькаўскай сярэдняй школы ўпэўненая, што палітычныя матывы таксама зрабілі сваю справу.
Паводле слоў Наталлі, суддзя Святлана Акуліч прыняла рашэнне, што чарговае судовае паседжанне ў справе адбудзецца 9 сакавіка. Наталля Іллініч спадзяецца, што суд адновіць яе на працы.
Наталля Ільініч 26 гадоў адпрацавала ў Талькаўскай школе, дзе стварыла краязнаўчы гурток і сайт talka.info, выдала кнігу «Талька і наваколлі", даследуе нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1863 года супраць Расійскай імперыі пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ў Ігуменскім павеце, штогод праводзіць Талькаўскай фестываль – свята, якое любяць школьнікі ды добра ведае грамадскасць. Сярод ейных выхаванцаў – філосафы, сацыёлагі, гісторыкі ды фалькларысты.
Паводле сваіх поглядаў Іллініч – прыхільніцай ідэі беларускага нацыянальнага адраджэння, але не ўваходзіць ні ў якую палітычную партыю. Брала актыўны ўдзел у шэрагу выбарчых кампаніяў: збірала подпісы за дэмакратычных кандыдатаў і была назіральніцаю.
Нагадаем, што 5 студзеня працаўнікі КДБ і МУСу правялі ў ейнай хаце ператрус, забралі, сярод іншага, флэш-карту фотаапарата і сістэмны блок камп’ютара. Праз тыдзень настаўніцу звольнілі з працы, нягледзячы на хадайніцтвы старшыні школьнай прафсаюзнай арганізацыі, бацькоў вучняў і выпускнікоў.
Без выніку засталіся звароту Іллініч да начальніка аддзелу адукацыі Пухавіцкага райвыканкаму Таццяны Чарнышовай і міністра адукацыі Сяргея Маскевіча з просьбай паспрыяць у аднаўленні на працы. Таму 10 лютага Ільініч падала заяву ў суд.



