Неўзабаве: Гуканне вясны!

18.03.2011

Вам надакучыла зіма? Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашае на мерапрыемства “ГУКАННЕ ВЯСНЫ”, якое адбудзецца 20 сакавіка з 12.30 да 15.00 і прысвечана народнаму святу «Саракі». Галоўны герой на свяце – жаваронак, які лічыўся вестуном вясны. З гэтай нагоды дзяцей і дарослых чакае незвычайная забава!

Мерапрыемства адбудзецца 20 сакавіка з 12.30 да 15.00.

Вас чакаюць:

- сустрэчы з гаспадарамі музейных сядзіб, якія падрабязна раскажуць вам пра веснавыя святы, пазнаёмяць з народнымі прыкметамі і раскажуць пра традыцыйныя абрадавыя стравы гэтых дзён;
- унікальны майстар-клас па выцінанцы ад удзельнікаў міжнародных конкурсаў і выстаў, выкладчыкаў “Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя М.К.Агінскага” сясцёр Чырвонцавых;
- выстава-продаж традыцыйных рамесных вырабаў ад Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці.

Майстар-класы па вырабу «веснавых птушак» з салёнага цеста, галінак вярбы і паперы дапамогуць паўдзельнічаць у конкурсе на лепшую веснавую птушку «Жавароначкі, прыляціце – 2011».

Адметнай рысай сёлетняга свята “Гуканне вясны” стане удзел фальклорнага гурта з Літвы “Вильнюс бочей” і “Мілавіца”(Беларусь), якія выканаюць аўтэнтычныя спевы.

Толькі ў нас на свяце дзяцей і дарослых чакаюць веснавыя гульні і забавы.

Пад час свята гушкайцеся на арэлях, грэйцеся каля вогнішча, вадзіце вакол яго карагоды, кінце свой голас вышэй у неба разам з веснавымі спевамі ў выкананні гасцей свята.

Падчас свята працуе “Беларуская карчма”.

Адчуйце сваю еднасць з прыродай! Вясна – радасць, і яна на парозе! Да сустрэчы ў музеі.

Кошт квіткоў для дарослых – 6 300 руб.,для студэнтаў, навучэнцаў і вучняў – 3 150 руб., дзеці дашкольнага ўзросту – бясплатна. Кошт катання на гужавым транспарце: маршрут № 1 – 2500 руб.

Экспазіцыя музея працуе з 10.00 да 16.00. Каса працуе з 10.00 да 15.30.

Шаноўныя наведвальнікі! Калі ласка, паклапаціцеся аб абутку і вопратцы згодна пагодных умоў.
Свята “Гуканне вясны” адбудзецца пры любым надвор’і!

Паводле etna.by