Сталічных школьнікаў прымусілі даць распіскі

26.03.2011

У іх яны абяцаюць не выходзіць з дому вечарам 25 сакавіка.



«Першы ўрок пачаўся з таго, што класны кіраўнік дала нам паперу, дзе пазначана, што сёння з 17-й гадзіны мы абавязваемся заставацца дома. Кожны павінен быў распісацца насупраць свайго прозвішча», – распавёў «Белсату» вучань сярэдняй школы № 73 Менску. Хлопец гаворыць, што настаўніца настойліва раіла нікуды не выходзіць, бо ў горадзе магчымыя беспарадкі.



Адміністрацыі шэрагу іншых навучальных установаў прызначылі школьныя дыскатэкі на вечар 25 сакавіка. Праўда, і ў гэтым выпадку, калі вучань адмаўляецца прысутнічаць на імпрэзе, ён абавязаны прынесці запіску ад бацькоў, што яны бяруць на сябе ўсю адказнасць за дзіця.



«Калі гаварыць міліцэйскай мовай, то гэта звычайная прафілактычная мера з мэтаю псіхалагічнага ціску на падлеткаў ды іхніх бацькоў», – пракаментаваў ініцыятыву школьнай адміністрацыі юрыст Валянцін Стэфановіч.



Праваабаронца гаворыць, што ніякіх наступстваў ні для дзяцей, ні для іхных бацькоў гэтыя паперы мець не могуць: «Бацькі ў любым выпадку нясуць адказнасць за сваіх дзяцей, а браць распіскі з непаўналетніх – гэта і ўвогуле глупства».


belsat.eu