Бацькоўскі сход у інтэрнэце

28.03.2011

Гарадзенскія чыноўнікі прапаноўваюць развязваць школьныя пытанні он-лайн.

Паводле першай намесніцы ўпраўлення аддзелу адукацыі Гарадзенскага аблвыканкаму Веры Грышэчкі, на абмеркаванне выносяцца актуальныя пытанні, бацькі на форуме могуць выказаць свае ідэі, задаць пытанне адмыслоўцам і нават выказаць прэтэнзіі наконт якасці адукацыі ды выхавання дзяцей у школе. “Першая тэма, якую мы абмяркоўвалі, – гэта гвалт у дачыненні няпоўнагадовых, – распавяла чыноўніца. – За мінулы год у нашым рэгіёне ахвярамі гвалту сталі 55 дзяцей, таму гэта вельмі вострая тэма. Разам з тым, абмяркоўваюцца і больш лакальныя праблемы – культурніцкія імпрэзы ў школе, матэрыяльна-тэхнічная дапамога ад бацькоў”.

Першаю ініцыятыву ўпраўлення адукацыі падтрымала адміністрацыя гарадзенскай гімназіі № 1. Дырэктар Барыс Сяброўскі адзначыў, што сходы он-лайн сабралі значна больш бацькоў, чым традыцыйныя сустрэчы ў школьных класах. “Звычайна мы праводзім бацькоўскія сходы адразу ва ўсіх класах адначасова, каб бацькі маглі прыйсці яшчэ і на агульны школьны сход, а толькі пасля ў клас да свайго дзіцяці. Дык вось, на такіх сходах у нас збіралася максімум 200 бацькоў. А вось у інтэрнэце ў першы ж раз адразу 400 чалавек выявілі цікавасць да абмеркавання”, – кажа спадар Сяброўскі.

Падчас дыскусіі бацькі выказалі свае меркаванні адносна захадаў папярэджання гвалту ў дачыненні дзяцей, былі таксама паведамленні пра гвалт у сацыяльна неўладкаваных сем’ях. У абласным аддзеле адукацыі абяцаюць прааналізаваць вынікі “віртуальнага сходу” і распрацаваць новыя методыкі ў працы дзеля прадухілення гвалту.

Разам з тым, ад традыцыйных бацькоўскіх сходаў пакуль не плануюць адмаўляцца. Пакуль сустрэчы ў сеціве будуць дадатковаю нагодаю абмеркаваць важныя пытанні.

belsat.eu