Пра гэта паведаміў дырэктар Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў Мікалай Фяськоў на прэс-канферэнцыі ў Менску.
У 2011 годзе ўступныя заданні для абітурыентаў сярэдніх спецыяльных навучальных установаў на аснове базавай адукацыі падрыхтуюць цэнтралізавана. Да гэтага часу ў ССНУ выкарыстоўваліся “розныя механізмы” рыхтавання заданняў. Новыя правілы на ўступных іспытах маюць забяспечыць аднолькавыя ўмовы паступлення для ўсіх абітурыентаў, якія падаюць дакументы на адну спецыяльнасць.
Новаўвядзенні чакаюць і тых, хто плануе паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Па-першае, плануецца зрабіць он-лайн-назіранне за цэнтралізаваным тэставаннем. Паводле словаў Мікалая Фяськова, сёлета гэткі кантроль будзе толькі ў Інстытуце сучасных ведаў імя Шырокава, у аўдыторыях якога ўсталююць камеры. У будучыні гэткая практыка распаўсюдзіцца і на іншыя ўніверсітэты.
“Гэта дысцыплінавала б не толькі абітурыентаў, але і арганізатараў. Гэта не проста іміджавы ход, а і магчымасць кантролю за правядзеннем ЦТ”, – адзначае Мікалай Фяськоў.
Да таго ж на тэставанне будуць дапускацца толькі абітурыенты з непакрытаю галавою. Паводле чыноўніка, узмацненне жорсткасці правілаў улічвае аналіз паводзінаў абітурыентаў мінулымі гадамі. Раней спецыялісты, якія адказваюць за правядзенне ЦТ, не раз адзначалі выпадкі, калі пад шапку, шалік, хустку хавалі шпаргалкі.
Спадар Фяськоў таксама нагадаў, што ў Беларусі распрацоўваюць аўтаматычную сістэму залічэння ў ВНУ. Цяжкасці з яе ўвядзеннем звязваюць з існымі правіламі прыёму ва ўніверсітэты. Напрыклад, сістэма не прадугледжвае магчымасці ўлічыць ільготы для некаторых катэгорыяў абітурыентаў. «Для таго, каб укараніць аўтаматызаваную сістэму залічэння, трэба распрацаваць новыя правілы прыёму ў ВНУ», – мяркуе дырэктар Інстытуту кантролю ведаў.
belsat.eu
Абітурыентаў ізноў чакаюць новаўвядзенні
27.04.2011



