Як сфарміраваць каштоўнасны стрыжань у нашых падлеткаў?

27.04.2011

Часам сустракаюся з вучнямі беларускіх школ, гімназій і ліцэяў. Спяваю пад гітару, размаўляем пра мары, чытаем вершы...

Па маіх асабістых назіраннях, чым малодшае дзіцё — тым лепшае ўражанне яно пакідае. Маленькі чалавек яшчэ не сутыкнуўся з рэаліямі будзённасці і жыве часта куды больш духоўнымі каштоўнасцямі, чым многія дарослыя.


Нядаўна я спяваў песні дзецям у адным з сацыяльных прытулкаў. Многія з гэтых маленькіх людзей, магчыма, пабачылі ў жыцці шмат жахаў, прайшлі праз медныя трубы. Бо нешта істотнае павінна здарыцца, каб дзіця прымусова забралі з сям’і. І гэтыя трох-, чатырох-, пяці-, дзесяці-, трынаццацігадовыя дзеці з сацыяльнага прытулка ўважліва слухалі, абмяркоўвалі, паказвалі сябе: спявалі, танцавалі і расказвалі пра свае мары. Гэтыя дзеці, нягледзячы на свой узрост і пашкрабаны лёс, гатовы да духоўнага развіцця і маюць усе шанцы зрабіцца супергероямі.

Гэтак жа я быў здзіўлены адкрытасцю дзяцей у некаторых вясковых школах. Здаралася, прыязджаў і бачыў дапатопныя парты, дошку яшчэ камуністычнай эпохі... А дзеткі аказваліся адкрытымі, адважнымі і знаходлівымі. З самымі прывабнымі задаткамі.

Але некалі і гэтыя дзеці развітваюцца з дзіцячымі марамі і, магчыма, зробяцца звычайнымі грамадзянамі: валюта, цукар, алей, крупы... Вось і сэнс жыцця.

І якая метамарфоза павінна адбыцца, каб, падросшы, гэтыя мілыя стварэнні часта пераўтвараліся ў шэры натоўп спажыўцоў, якія б’юцца за месца пад сонцам у скнарлівых чэргах. Хоць і ўдзельнікі гэтых чэргаў, здаецца, нармальныя людзі. Не маньякі, не рабаўнікі... Таму што, на жаль, нярэдка наканаванасць чалавека ў сучасным глабалізаваным свеце — быць бройлернай куркай, балванчыкам, якім лёгка кіраваць, пацягнуўшы за эканамічную нітачку...

Нават у тыя часы, калі беларускую самабытнасць часта метадычна знішчалі, людзі часцей думалі пра высокае, у кніжныя крамы выстройваліся чэргі, а паэты выступалі ў буйных кінатэатрах у тры змены: за раз усе ахвотныя не змяшчаліся. Што сёння?

Мяне здзіўляе, калі ў многіх беларускіх школах вучні не бачылі жывых паэтаў, музыкаў, навукоўцаў (сустрэчы з такімі людзьмі ў савецкую эпоху арганізоўваліся перыядычна). Паўсюль кажуць пра тое, што дзеці змяніліся, што іх не адцягнуць ад камп’ютара і што, апроч гульняў, іх нішто не цікавіць. Але ці так гэта? Я сам бачыў у беларускіх школах, гімназіях і сацыяльных прытулках сотні дзяцей з моцнымі духоўнымі задаткамі. Чаму яны потым вырастаюць скнарлівымі бройлернымі курачкамі нашага спажывецкага грамадства?

Таму што на гэтым падлеткавым этапе ў дзіцяці павінен сфарміравацца цвёрды каштоўнасны стрыжань. А каб гэта здарылася — дзіця мусіць бачыць перад сабой прыклады ў выглядзе духоўна развітых людзей, аўтарытэтаў. І нашы бацькі наспелі часы, калі вялізныя кінатэатры былі перапоўненыя, бо адбывалася сустрэча з такім аўтарытэтам — вядомым артыстам, мастаком, літаратарам.

Што сучасныя дзеці? Яны не сустракаюцца з прамысловай, навуковай і творчай інтэлігенцыяй, думаюць, што паэты — гэта карцінкі з датамі жыцця і смерці ў кабінеце літаратуры.

Калі б падобныя сустрэчы адбываліся сёння, то дзеці б бачылі перад сабой жывыя прыклады, як выжыць у сучасным спажывецкім свеце. І не марнаваць свае гады думкамі аб курсах абмену валют.

Адзін музыка расказаў бы пра сваю канцэпцыю існавання, другі, архітэктар, пра свой жыццёвы досвед. Хірург, што прышывае людзям рукі і перасаджвае вантробы, даў бы іншы прыклад, мысляр — распавёў бы пра сваё бачанне філасофіі, а алімпійскі чэмпіён навучыў бы, што сярэдні чалавек насамрэч можа ўсё...

І цяпер гэта дзіця, якому, здавалася б, наканавана быць бройлернай курачкай на фабрыцы, убачыць розныя варыянты ўласнага развіцця і магчымасць выбіраць. Цяпер, значыць, ён можа пераў-
тварыцца ў нармальнага чалавека, які можа думаць, рабіць крокі ўправа, улева, назад і наперад.

Але я, часта наведваючы нашы школы, упэўніваюся, што аўтарытэты, у тым ліку і рабочыя, сёння рэдка запрашаюцца да дзяцей, а ў СМІ не ўмеюць ці не хочуць раскручваць моцных людзей, якія маглі б стаць прыкладам.

Таму, як мне падаецца, этап выхавання падлеткаў упускаецца. І часта дзеці не маюць перад сабой нармальных прыкладаў, якія вучаць найперш думаць, развівацца, атрымліваць геданістычную асалоду ад твораў мастацтва.

Калісьці я вучыўся ў Ліцэі Белдзяржуніверсітэта, дзе і сёння атрымлівае адукацыю большасць беларускіх міжнародных алімпіяднікаў па хіміі, фізіцы, біялогіі і г.д. Адукацыя ў гэтай навучальнай установе ставіла мэту не проста напампаваць чалавека ведамі, а навучыць яго думаць. Мы рэгулярна мелі сустрэчы з інтэлігенцыяй — літаратарамі, музыкамі, навукоўцамі...

Людзі, якія распрацоўвалі слушную сістэму навучання ў Ліцэі пры БДУ, сёння займаюць высокія пасады ў беларускай адукацыі, але той досвед чамусьці рэдка выкарыстоўваецца ў звычайных беларускіх навучальных установах.

Спытайце ў свайго дзіцяці: якіх сучасных вучоных, прамыславікоў яно ведае? Якіх музыкаў, выбітных людзей? Чым можна ганарыцца ў нашай краіне, у гісторыі? Ад пераважнай большасці дзяцей вы не атрымаеце канкрэтнага адказу. Бо аўтарытэтаў сёння не прынята запрашаць на сустрэчы з дзецьмі. А творчыя людзі, інтэлігенцыя, навукоўцы і існуюць для таго, каб даводзіць свае ідэі да моладзі і дапамагаць іншым спасцігаць жыццё.

Каштоўнасны стрыжань звычайна зацвердзявае ў падлеткавым узросце. І калі не навучыцца мысліць у гэты час, то пазней розуму не прыдбаеш...

Яўген ВАЛОШЫН, Звязда