Марафон з Гродна да Друскенік

27.07.2011

20 жніўня

Міжнародны аматарскі марафон сяброўства «Гродна-Друскенікі 2011» адбудзецца 20 жніўня 2011 г. Пераможцы, якія зоймуць 1–6 месцы ў спаборніцтве, атрымаюць дыпломы, медалі, кубкі і ўзнагароды ад 100 да 1000 долараў.

Забег пачнецца ў 12.00 у цэнтры Гродна, а скончыцца праз 5 гадзін на цэнтральнай плошчы Друскенік. Адлегласць, якую плануецца прабегчы – 42 кіламетры, з іх 80% дыстанцыі знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Кожныя 7–8 кіламетраў на трасе будуць размешчаныя пункты з вадой, энергетычнымі напіткамі і садавінай.

Марафон будзе высокатэхналагічным – кожны ўдзельнік атрымае электронную прыладу для вымярэння часу, якую павінен будзе прычапіць да абутку.

У марафоне могуць паўдзельнічаць усе жадаючыя, якія нарадзіліся не пазней як у 1992 годзе і маюць дакументы, якія дазваляюць уязджаць у Беларусь і Літву. Таксама яны мусяць запоўніць карту ўдзельніка, заплаціць стартавы ўнёсак і прадставіць медчную даведку аб тым, што могуць удзельнічаць у марафоне. Зарэгістраваныя ўдзельнікі атрымаюць аднаразовыя бясплатныя візы.

Стартавы ўнёсак для тых, хто зарэгіструецца да 31 ліпеня – 15 еўра, пазней – 25 еўра.

У наступным годзе плануецца паўтарыць марафон, але ў адваротным накірунку.

Дакладная інфармацыя аб удзеле ў марафоне і рэгістрацыйная форма знаходзяцця на афіцыйным сайце draugystesmaratonas.lt.

Лёша Шота, Твой стыль