Прыём заявак і прапаноў – да 29 жніўня
«Нефармальная адукацыя і рэгіянальнае развіццё» – пад такой назвай 24 верасня -2 кастрычніка 2011 г. у Беларусі будзе праходзіць 6-ы Тыдзень нефармальнай адукацыі.
Арганізатарамі тыдня выступаюць: Установа адукацыі «Міжнародны прыватны навучальны цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БелТЮФ», ТАА «Трэнінгавы цэнтр «Квадратны апельсін», Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы (АДАіА), Прадстаўніцтва зарэгістраванага таварыства «Deutscher Volkshochschul-Verband eV» (Федэратыўная Рэспубліка Германія) у Рэспубліцы Беларусь.
На працягу апошніх дзесяцігоддзяў у беларускім грамадстве сфармаваўся пэўны попыт на розныя праграмы навучання, накіраваныя на асабістае, сацыяльнае і прафесійнае развіццё, і гэта характэрна не толькі для сталіцы і абласных цэнтраў, але і для малых гарадоў і сельскай мясцовасці. Пры гэтым прапанова паслуг і праграм дадатковай адукацыі дарослых па-ранейшаму ў асноўным засяроджана ў Мінску. Пра гэта сведчаць і дадзеныя даследавання, праведзенага з красавіка па жнівень 2010 г. Робячы акцэнт на праблемах развіцця нефармальнай/дадатковай адукацыі ў рэгіёнах Беларусі, арганізатары Тыдня НФА-2011 прапаноўваюць абмеркаваць шэраг пытанняў:
• Якія існуюць магчымасці і перспектывы развіцця нефармальнай/дадатковай адукацыі дарослых у малых гарадах і сельскай мясцовасці?
• Якія актуальныя падыходы, формы, кірункі гатовыя прапанаваць беларускія спецыялісты?
• Як можна выкарыстоўваць замежны і айчынны вопыт для таго, каб адукацыйныя паслугі ў сферы НФА зрабіць прывабнымі для спажыўцоў у рэгіёнах?
Традыцыйна мерапрыемствы будуць праходзіць у розных гарадах Беларусі. Ключавой падзеяй Тыдня НФА-2011 стане круглы стол «Нефармальная адукацыя ў рэгіёнах Беларусі: запатрабаванні, вопыт, інавацыі», які пройдзе 28 верасня 2011 ў Мінску. Ён стане дыскусійнай пляцоўкай, на якой эксперты, прадстаўнікі арганізацый дзяржаўнага, грамадскага і бізнес-сектараў абмяркуюць стан і праблемы нефармальнай і дадатковай адукацыі ў рэгіёнах Беларусі, а таксама ролю НФА ў рэгіянальным развіцці.
Да ўдзелу ў Тыдні НФА-2011 запрашаюцца арганізацыі, якія займаюцца нефармальнай і дадатковай адукацыяй дарослых, а таксама арганізацыі, гатовыя аказаць садзейнічанне і падтрымку ў правядзенні Тыдня НФА.
Прыём заявак і прапаноў – да 29 жніўня.
Падрабязная інфармацыя пра Тыдзень НФА-2011 размешчана на сайце adukatar.net .
Кантактная асоба па пытаннях агульнай каардынацыі мерапрыемства – Яніна Зінчанка (тэл.: (017) 270 38 96), электронны адрас аргкамітэта Тыдня НФА 2011 nfeweek2011@gmail.com .
Паводле «Кронікі грамадскага жыцця Гарадзеншчыны»
Тыдзень нефармальнай адукацыі – 2011
19.08.2011