Апошні тэрмін падачы заяўкі – 10 лістапада 2011 г.
Моладзевая асацыяцыя «StudAlliance» супольна з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам запрашае да ўдзелу ў новым культурна-адукацыйным праекце «Адкрый для сябе Вільню!» (Discover Vilnius!) вучняў 10–11 класаў беларускіх школ!
Удзельнікам праекта будзе прапанаваная магчымасць наведаць перадкалядную Вільню 16–17 снежня 2011 года. Цягам двухдзённага візіту дзяўчаты і хлопцы з Беларусі атрымаюць унікальную магчымасць пазнаёміцца з гістарычна-культурнай спадчынай Літвы, а таксама наведаць адукацыйныя інстытуцыі Вільні і проста файна прабавіць час!
16 снежня (пятніца) ўдзельнікам праекта прапануецца сустрэцца са сваімі аднагодкамі з літоўскай школы, пазнаёміцца з літоўскай мовай і літоўскай гісторыка-культурнай спадчынай праз удзел ва ўнікальнай экскурсіі па Старым Горадзе перадкаляднай Вільні, падчас якой яны пабачаць усю прыгажосць літоўскай сталіцы і ўдыхнуць таго паветра, якім дыхалі Скарына, Багдановіч, Колас, Купала і цэлыя генерацыі слынных беларускіх культурных і грамадскіх дзеячаў. Акрамя таго, удзельнікі праекта здолеюць патрапіць ва ўнікальны музей, адзін з найлепшых музеяў Літвы, – Музей ахвяраў генацыду (былая турма).
Пасля асноўнага блоку першага дня ўдзельнікаў праекта «Адкрый для сябе Вільню!» чакае не менш насычаны вольны час: прадугледжаная магчымасць шопінгу і вячэра з сярэднявечнай музыкай і танцамі ў адзінай рэстарацыі Вільні, дзе ёсць беларускае меню.
Начлег – у камфартабельным трохзоркавым гатэлі.
17 снежня (субота) ўдзельнікі праекта пазнаёмяцца з адукацыйнымі магчымасцямі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, здолеюць паўдзельнічаць у лекцыях і семінарах гэтай вышэйшай навучальнай установы. У той самы дзень прапануецца наведаць чароўны зімовы Тракайскі замак, рэзідэнцыю князёў Вялікага Княства Літоўскага.
УВАГА! Усе школьнікі, якія не маюць літоўскай нацыянальнай ці шэнгенскай візы, атрымаюць бясплатную візавую падтрымку з боку арганізатараў праекта.
Кожны ўдзельнік праекта робіць унёсак у памеры 55 еўра. У кошт уваходзіць: начлег, аўтобус па Вільні і Троках (на два дні), уся культурна-экскурсійная праграма, вячэра першага дня і сняданак другога. У кошт не ўваходзіць: аплата праезду з Беларусі ў Вільню і назад, медыцынская страхоўка на час знаходжання ў Літве. Каардынатары гатовыя адказаць на ўсе пытанні ўдзельнікаў праекта.
Апошні тэрмін падачы заяўкі на ўдзел у праекце – 10 лістапада 2011 года.
Для ўдзелу ў праекце неабходна аформіць заяўку і даслаць яе на электронны адрас student.ehu@gmail.com не пазней за 10 лістапада з пазнакай у тэме «Адкрый для сябе Вільню!».
З усімі пытаннямі наконт удзелу ў праекце Вы можаце звяртацца на электронны адрас student.ehu@gmail.com, на тэлефон у Літве +370 675 16 062, а таксама праз сацыяльную сетку Вконтакте: http://vkontakte.ru/ehustudents .
Спампаваць: заяўку (doc 32 Kb), інфармацыйны ліст (doc 47 Kb).
Бярыце сяброў і атрымайце незабыўныя ўражанні ў адным з найлепшых гарадоў Еўропы!
Культурна-адукацыйны праект для вучняў 10–11 класаў: Адкрый для сябе Вільню!
25.10.2011