Праграма малых грантаў Амбасады ЗША – 2012

02.12.2011

Заяўкі прымаюцца на працягу ўсяго года


Праграма малых грантаў Амбасады ЗША абвяшчае конкурс на атрыманне грантаў на 2012 год для беларускіх зарэгістраваных недзяржаўных некамерцыйных арганізацый па праектах, якія спрыяюць грамадскаму дыялогу, ахове і падтрымцы грамадскіх інтарэсаў, сацыяльнаму развіццю і ўзмацненню мясцовых супольнасцяў, мясцоваму самакіраванню, інтэграцыі сацыяльна неабароненых груп насельніцтва, гендэрнай роўнасці, рэформам рынкавай эканомікі і захаванню культурнай і прыроднай спадчыны, у тым ліку вырашэнню экалагічных і чарнобыльскіх праблем.



У 2011 годзе Праграма малых грантаў Амбасады ЗША выдаткавала 29 грантаў беларускім недзяржаўным арганізацыям, якія ажыццяўляюць сваю праектную дзейнасць па ўсіх рэгіёнах краіны. Агульны кошт фінансавання склаў 600 000 долараў ЗША. Былі падтрыманы маладзёжныя адукацыйныя праграмы, скіраваныя на развіццё сацыяльнай актыўнасці і валанцёрства ў разнастайных напрамках дзейнасці: прадухіленне гвалту над дзецьмі, захаванне культурнай і гістарычнай спадчыны, ахова навакольнага асяроддзя, развіццё маладзёжнага прадпрымальніцтва і мастацкай творчасці. Прафінансаваныя праекты спрыяюць супрацоўніцтву недзяржаўных і дзяржаўных арганізацый па аказанні юрыдычнай дапамогі сацыяльна неабароненым і малазабяспечаным групам насельніцтва і садзейнічаюць стварэнню партнёрскіх адносінаў паміж прадстаўнікамі дзелавых колаў, дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый. Падтрыманыя ініцыятывы ствараюць умовы для развіцця прадпрымальніцтва праз распаўсюд ведаў пра крэдытную кааперацыю і магчымасці экатурызму ў сельскай мясцовасці. У межах прафінансаваных праектаў прадстаўлены інавацыйныя праграмы па інтэграцыі ў грамадства людзей з абмежаванымі магчымасцямі, па прадухіленні дамашняга гвалту і прафілактыцы ВІЧ/СНІД, а таксама па захаванні нацыянальнай гістарычнай, культурнай і прыроднай спадчыны Беларусі.


Старонка Праграмы малых грантаў



Паводле прэс-рэліза