«Каралеўства маленькіх цмокаў»: Навагодні фестываль

16.12.2011

24 i 25 снежня з 12.00 да 19.00

Фестываль падарункаў, майстар-класаў, вялікіх сюрпрызаў і гіганцкіх цудаў для сапраўдных прынцэс і рыцараў. Уваход вольны!



24 і 25 снежня галерэя сучаснага мастацтва Ў ператварыцца ў каралеўства маленькіх цмокаў. Запрашаем сапраўдных прынцэс і рыцараў! Свет каралеўства створаць для вас мастакі Антаніна Слабодчыкава і Міхаіл Гулін. Кожны дзень у Кнігарні ЛогвінаЎ пройдуць кніжныя ранішнікi з Юрыем Усціновічам, чытанні казак ад Алены Бабак. Святочная праграма калядных спеваў ад Марты і Яны Шчарбаковых. Вас чакае тэатр ад Святланы Бень і Антаніны Слабодчыкавай.

Зрабіць падарункі і ўпрыгожанні сваімі рукамі дапамогуць на майстар-класах. У кожнага рыцара і прынцэсы з’явіцца карона і дыядэма з дапамогай Наталлі Зямчонак. Ваўняныя сувеніры ствараем разам с Ірынай Калеснікавай. Ганна Барэйка адкрые сакрэты ўнікальных паштовак. З Верай Прохаравай вы зможаце зрабіць вінтажныя дэкаратыўныя зоркі з паперы. Марыя Карпянкова пакажа, як распісаць драўляныя фігуркі. Як ствараць ёлачныя цацкі і навагоднія шкарпэткі для цудаў вас навучаць Маргарыта Лазарэвіч і Аляксандра Лучкіна. Вольга Бабурына дапаможа зрабіць драўляныя падвескі-кулоны, упрыгожаныя ўзорам у тэхніцы “выцінанка”. Павел Лукашэвіч прапануе роспіс вінілавых цацак, а для зусім маленькіх прынцаў і прынцэс – роспіс картонных нарыхтовак. З Ірынай Лукашэнка вы зробіце гліняныя магніцікі, а водар араматычных цацак адчуеце на майстар-класе Вікторыі Вядзерка, дзе разам з мастаком зможаце іх расфарбаваць.

Паводле ygallery.by