Цуд на Каляды

03.01.2012

Cвяточны канцэрт з удзелам зорак акустычнай музыкі.

Таццяна Беланогая, Зміцер Бартосік, Андрэй Хадановіч, Эдуард Акулін, Андрэй Плясанаў, Аляксей Галіч з праграмай на свята Божага нараджэння.

Прэзентацыя дыска «Калядныя песні Данчыка».

Усім дзеткам падарункі ад арганізатараў і Святога Мікалая!

Даведкі: 6490888.

Кошт квіткоў ад 25 000 да 45 000.




Калядныя зоркі з намі


Каляды, бадай, самае ўлюбёнае свята для ўсіх людзей зямлі. Калі нехта можа не заўважыць, напрыклад, Дзень Радыё ці нават чыйсьці дзень нараджэння, дык забыць пра Каляды проста немагчыма: людзі збіраюцца разам, танчаць, гуляюць у калядныя гульні, спяваюць (ці проста слухаюць) калядныя песні.

Беларусам на Каляды пашанцавала нават двойчы, бо наша поліканфесійнасць прывяла да таго, што свята Божага нараджэння святкуецца і паводле старога календара, і паводле новага.

І вось 7 студзеня мінскі Палац Ветэранаў запрашае на неверагодны акустычны калядны канцэрт, які да ўсяго іншага будзе і прэзентацыяй унікальнага фанаграфічнага выдання – CD Данчык «Калядныя песні». Унікальнага таму, што раней (гадоў 15 таму) выходзілі толькі касеты з такой праграмай, а цяпер сучасныя тэхналoгіі дазволілі падрыхтаваць адпаведны часу прадукт, які змясціў не толькі два дзясяткі песенных шэдэўраў, але і жывыя відэазапісы знакамітага спевака, якога называюць «Залаты беларускі голас з Амерыкі». Як вядома, у беларускай традыцыі сімвалам гэтага свята стала Калядная Зорка (пра яе і многія песні). Дык вось і на канцэрце гэтым збяруцца сапраўдныя зоркі беларускай поп- і рок-музыкі, бардаўскай песні (Тацяна Беланогая, Зміцер Бартосік, Андрэй Плясанаў, Андрэй Хадановіч, Эдуард Акулін, Аляксей Галіч), каб ушанаваць песняй Калядную Зорку.

Калі ў дзвюх словах пра артыстаў, дык пераможцу шэрагу еўрапейскіх фестываляў акустычнай рок-музыкі Таню Беланогую беларусы ведаюць найперш па альбомах «Дзвюхкроп’е» і «Ніткі», якія займалі месцы ў хіт-парадах, траплялі на тэлевізію. Бартосік і Хадановіч прывабліваюць найбольш аматараў сцёбных песенных фельетонаў, у той час як Плясанаў (а ў яго 6 альбомаў) заслужана атрымаў у прэсе тытул «лепшага пасля Мулявіна рок-меладыста Беларусі». Некалькі альбомаў выдаў і тонкі лірык, кароль бардаўскага жанру і паэзіі Э.Акулін, а вось унікальнаму таленту Аляксея Галіча ўдалося пакуль прабіць толькі папулярныя складанкі сярэднявечнай музыкі кшталту «Легенды Вялікага Княства», «Medieval», хоць дыяпазон ягонага вакальнага таленту заслугоўвае паўнафарматных аўтарскіх альбомаў.

У фае канцэртовае залы можна будзе таксама паглядзець поўную дыскаграфію ўсіх гэтых артыстаў, а нешта й набыць на памяць аб цудоўным свяце. А ўсім дзеткам арганізатары абяцаюць падарункі ад Святога Мікалая, заўсёднага патрона Калядаў! Канцэрт адбудзецца, нагадваем, 7 студзеня ў мінскім Палацы культуры ветэранаў (вул. Я.Купалы, 21) у 19.00. Даведкі па тэл. 649 08 88.

Вітаўт МАРТЫНЕНКА.