Апошні тэрмін падачы заявак – 9 красавіка
Ініцыятыўная група Клуба еўрапейскіх настаўнікаў, ГА «Адукацыйны цэнтр «ПОСТ», Асветніцкая ўстанова «Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый» пры падтрымцы Асацыяцыі па міжнародных пытаннях (АМО) (Чэхія), Міжнароднага кансорцыюма «ЕўраБеларусь», Офіса за дэмакратычную Беларусь (Бельгія) і ПАГА «Рух «За Свабоду» запрашаюць усiх настаўнікаў, зацiкаўленых у актуалiзацыi ведаў па гісторыі і сучаснасці Еўрапейскага кантынента і пра культурна-гістарычныя сувязі Беларусі і Еўропы прыняць удзел у Дзевятым рэспублiканскiм конкурсе школьных каманд
«Што я ведаю пра Еўропу?».
Гiсторыя конкурсу бярэ пачатак з 2004 года, калi прайшло першае спаборнiцтва памiж школьнымi камандамi на веданне гiсторыi Еўрапейскага Саюза i гiсторыi Еўропы. Пераможцам стала каманда Ждановiцкай СШ.
У 2005 годзе конкурс праходзiў у два этапы: рэгiянальныя паўфiналы і фiнал у Мiнску. Пераможцам конкурсу стала каманда Расонскай СШ iмя П.Машэрава.
У 2006 годзе тытул пераможцаў па выніках паўфіналаў і фіналу перайшоў да каманды Славянскай гімназіі з Бабруйску.
У 2007 годзе конкурс праходзiў у адзiн этап, пераможцам якога стала каманда Еўраклуба «Дзе я?» (г. Ліда).
У 2008 годзе конкурс зноў праходзіў у два этапы: першы тур (паўфінал) – пісьмовы тэст, другі тур (фінал) – камандныя спаборніцтва. Пераможцамі ўпершыню сталі школьнікі са сталіцы – каманда мінскай СШ № 207.
У 2009 годзе конкурс праходзіў у два этапы: першы тур (паўфінал) – пісьмовы тэст, другі тур (фінал) – камандныя спаборніцтва. Пераможцамі ў другі раз стала каманда мінскай СШ № 207.
У 2010 годзе конкурс праходзіў па формуле, аналагічнай двум папярэднім: першы тур (паўфінал) – пісьмовы тэст, другі тур (фінал) – камандныя спаборніцтва. Пераможцамі стала каманда з Навагрудка «Беларускае кола».
У 2011 годзе па выніках папярэдняга пісьмовага тэста і фінальных камандных спаборніцтваў перамагла каманда СШ № 1 г. Крычава.
Каманды-пераможцы конкурсу ўзнагароджваліся паездкамі ў Варшаву, Брусель, Вільню, Кіеў.
Конкурс 2012 года будзе прысвечаны тэме «Еўрапейскія аб’яднанні: учора, сёння, заўтра».
Конкурсныя заданні арыентаваныя на вучняў 8–11 класаў, каманда складаецца з 5 вучняў і кіраўніка. Падрыхтоўка да конкурса і выкананне заданняў адборачнага тура і фінала могуць быць выкарыстаны настаўнікамі для паглыблення ведаў па гісторыі Беларусі і Еўропы, а таксама ў якасці пазакласнай выхаваўчай працы для настаўнікаў, зацікаўленых у выхаванні любові, гонару і патрыятычных пачуццяў да сваёй краіны.
Конкурс 2012 года праводзіцца ў два этапы:
1. Паўфіналы – плануецца правядзенне некалькіх рэгіянальных паўфіналаў з удзелам заяўленых каманд. Месцы правядзення паўфіналаў будуць вызначацца з улікам тэрытарыяльнага размеркавання каманд (напрыклад – Брэст, Гродна, Мінск, Магілеў).
2. Фiнал (камандная гульня з удзелам пераможцаў паўфіналаў).
Усе каманды–удзельніцы атрымаюць ад арганізатараў конкурсу памятныя дыпломы.
Парадак правядзення і конкурсныя заданні поўфіналаў:
1. Прадстаўленне каманд (без ацэнкі);
2. «Гісторыя еўрапейскай інтэграцыі»: адкрыты тэст (з варыянтамі адказу);
3. «Пазнай краіну». З дапамогай сказаў-падказак, размеркаваных па ступені складанасці, трэба будзе пазнаць некалькі краін ЕС. Найвялікшую колькасць балаў атрымае каманда, якая пазнае большасць краін з выкарыстаннем меншай колькасці падказак;
4.«Ці ёсць будучыня ў Еўрапейскага Саюза?»: конкурс-разважанне (хатняе заданне). Крытэрыі ацэнкі:
– Абгрунтаванасць тэзісаў (калі так, то чаму, калі не, то чаму);
– Лагічнасць і паслядоўнасць выкладання;
– Змястоўнасць, напоўненасць фактамі і прыкладамі;
– Арыгінальнасць дэманстрацыі;
– Рэгламент – 5 хвілін на выступ-разважанне.
5. Брэйн-рынг. Тэма: «Еўрааб’яднанні ў мінулым»;
6. Конкурс – сюрпрыз (на агульную эрудыцыю)
Паважаныя сябры, калі Вы зацікаўлены прыняць удзел у конкурсе «Што я ведаю пра Еўропу?», просім Вас да 9 красавіка 2012 г. даслаць заяўку на ўдзел у паўфінале на электронны адрас igken11@gmail.com, указаўшы:
Мясцовасць:
Навучальная ўстанова:
Кіраўнік каманды:
Узрост удзельнікаў каманды:
Кантакты: маб.тэл., mail:
Паўфіналы конкурса плануецца правесці ў перыяд з 28 красавіка па 1 мая 2012 г. Дакладны дзень і месца правядзення спаборніцтва для кожнай каманды будуць вызначаны пасля апрацоўкі ўсіх заявак да 20 красавіка. Транспартныя выдаткі кампенсуюцца арганізатарамі, запланавана кава-паўза і агульны абед пасля падвядзення вынікаў поўфінала.
Чакаем Вашага актыўнага ўдзелу ў конкурсе!
Конкурс школьных каманд «Што я ведаю пра Еўропу?»
19.03.2012