Не стала глыбачаніна Віталя Рыгоравіча Гарановіча, знанага паэта і педагога, старшыні глыбоцкага аддзялення ТБШ. За яго дырэктарствам мясцовая школа № 3 атрымала статус «Узорная беларускамоўная школа», лічылася найбольш прэстыжнай у райцэнтры.
«Гэтымі днямі ля школы спілавалі вялікія таполі, якія раслі там шмат гадоў, і якія памятае не адна генерацыя выпускнікоў школы. Гэтыя спіленыя таполі – бы сімвал таго, што школа гэтая ўжо зусім не такая, як была. І цяпер гэтая навіна… жахлівае супадзеньне, канешне," – піша былы вучань глыбоцкай сярэдняй школы № 3 Андрусь Храпавіцкі .
Віталь Гарановіч нарадзіўся ў 1952 г. у вёсцы Ермакі Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці. Па сканчэнні сярэдняй школы служыў у войску, пэўны час працаваў у друкарні выдавецтва «Вышэйшая школа». У 1977 г. скончыў філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя Горкага. З таго часу жыў на Глыбоччыне. Працаваў настаўнікам, дырэктарам вясковых школ.
З 1983 па 2004 гады – дырэктар сярэдняй школы №3 г. Глыбокае. Пры ім школа атрымала статус «Узорная беларускамоўная школа», лічылася найбольш прэстыжнай у райцэнтры.
Выдатнік асветы. Старшыняваў у глыбоцкім аддзяленні ТБШ.
З 2004 г. быў старшынём райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Аўтар гiмна абласной арганiзацыi прафсаюза.
Паэт, аўтар зборнікаў «Беразвечча» (1997), «Святло блакiту» (2002), «Саракi» (2007), «Нараджэнне вады» (2011). Прынцыпова заставаўся сябрам Саюзу беларускіх пісьменнікаў.
Віталь Гарановіч (першы злева) на VІІІ Асамблеі ТБШ (Мінск, 24 верасня 2011 г.)
Запавет нашчадкам
Віталь Гарановіч
Для кожнага ў свеце і сонца, і зоры,
І неба блакіт, і вятроў перазовы.
Крыніцы спатольнай сама чысціня,
Зямное імгненне пражытага дня.
Цані, чалавеча, усё на зямлі:
Снягоў сыпчакі, сілу грому з маланкай,
Бяскрайнасць пустыні, бакенаў агні,
Як толькі прачнешся штодня ты уранку.
Ты самы шчаслівы – жывеш на зямлі
І маеш сяброў, табе роўных і родных.
І мову, як водар паветра, цані
Нашчадкам, як дар, перадай яе годна.
Выказваем шчырыя спачуванні родным, сябрам, калегам і вучням.
Вянок памяці: Віталь Гарановіч
17.04.2012