Фэст экскурсаводаў – 2012: расклад экскурсій

18.04.2012

18–22 красавіка

Фэст экскурсаводаў – акцыя, распачатая беларусамі ў 2008 г. Штогод Фэст прымяркоўваецца да Міжнароднага дня помнікаў і мясцінаў, які святкуецца, паводле рашэння ЮНЭСКА, 18 красавіка.

Галоўная ідэя мерапрыемства – прыцягненне ўвагі людзей да тых гістарычных помнікаў, побач з якімі яны жывуць і каля якіх праходзяць кожны дзень. Сярэдні жыхар Беларусі перакананы, што ў ягоным рэгіёне няма нічога цікавага. Нясумна ў Нясвіжы, цікава ў Польшчы, захапляльна ў Парыжы, а вось у ягонай вёсцы, мястэчку, мікрараёне – нецікава.

А між тым, архітэктурная і культурная спадчына краіны – гэта не толькі Мір і Нясвіж. Гэта сукупнасць усіх тых камянёў-следавікоў, прыдарожных каплічак, шляхецкіх сядзібак і магнацкіх палацаў, цэркваў, касцёлаў, будынкаў сінагог, млыноў, бровараў, паркаў і помнікаў палеглым жаўнерам, якія шчыльна запаўняюць усю тэрыторыю Беларусі.

У раскладзе Фэста экскурсаводаў – 2012:

- шпацыры па самых цікавых наваколлях сталіцы пад кодавай назвай «Мінскі абаранак»;
- «няходжаныя» раёны Мінска;
- Гродна, Полацк, Ваўкавыск, Мсціслаўе, Гомель, Талачын, Бабруйск, Орша, Шклоў, Жамыслаўль, Лепель, Пінск, Ракуцёўшчына- Краснае – Плябань, Лагойск, Плешчаніцы, Слонім, Крэва, Вялейка, Нясвіж, Барань;
- спецыяльна для для аматараў ровараў рыхтуецца некалькі новых маршрутаў;
- асобная міні-тэма – 1812 г.: экскурсіі, прысвечаныя падзеям 200-гадовай даўніны, пройдуць адразу ў некалькіх гарадах Беларусі.

Глядзець поўны спіс экскурсій Фэста экскурсаводаў – 2012