Апошні тэрмін падачы заявак – 20 мая 2012 г. 
Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (АБСЕ/БДІПЧ) абвяшчае набор ахвотных паўдзельнічаць у трэнінгах для трэнераў, прысвечаных інавацыйным метадам навучання, асаблівасцям падрыхтоўкі і правядзення заняткаў па правах чалавека. 
Трэнінгі будуць праводзіцца на аснове навучальна-метадычных матэрыялаў, распрацаваных пры падтрымцы БДІПЧ. 
Трэнінг для трэнераў «Навучанне правам чалавека ў школе і па-за ёй» адбудзецца 9–13 ліпеня 2012 г. ва Украіне. 
Мэтай трэнінга з’яўляецца атрыманне ведаў і ўменняў, неабходных для правядзення заняткаў па матэрыялах дапаможніка «Навучанне правам чалавека ў школе і па-за ёй». Прапанаваныя ў дапаможніку навучальныя матэрыялы двойчы праходзілі ўзгадненне ў Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь. 
Удзельнікі трэнінга пазнаёмяцца з асновамі распрацоўкі заняткаў, заснаваных на выкарыстанні інтэрактыўных метадаў навучання, метадамі ацэнкі эфектыўнасці навучання, папрактыкуюцца ў правядзенні заняткаў, апісаных у дапаможніку. 
Трэнінг для трэнераў «Адстойванне і пашырэнне правоў чалавека праз грамадскі ўдзел» адбудзецца 16–20 ліпеня 2012 г. ва Украіне. 
Мэтай трэнінга з’яўляецца атрыманне ведаў і ўменняў, неабходных для правядзення заняткаў па матэрыялах дапаможніка «Адстойванне і пашырэнне правоў чалавека праз грамадзкі ўдзел». 
Удзельнікі трэнінга пазнаёмяцца з асновамі выкарыстання розных формаў і спосабаў адстойвання і пашырэння правоў чалавека праз грамадскі ўдзел, навучацца распрацоўваць і праводзіць заняткі, скіраваныя на развіццё грамадскай актыўнасці, даведаюцца пра спосабы ацэнкі эфектыўнасці грамадскіх кампаній і г.д. 
Да ўдзелу ў абодвух трэнінгах запрашаюцца настаўнікі сярэдніх школ, ВНУ, іншых навучальных установаў, прадстаўнікі юрыдычных клінік, актывісты грамадскіх аб’яднанняў, якія зацікаўленыя ў набыцці новых ведаў і ўменняў для ўдасканалення сваёй адукацыйнай дзейнасці ў сферы пашырэння правоў чалавека. 
Адбор удзельнікаў трэнінгаў будзе адбывацца на конкурснай аснове. 
Прыярытэт будзе надавацца:
- удзельнікам з абласных і раённых цэнтраў, малых мясцовасцяў; 
- кандыдатам, якія змогуць рэальна выкарыстоўваць атрыманыя метадычныя матэрыялы, веды і ўменні ў сваёй адукацыйнай працы; 
- удзельнікам, якія маюць як мінімум базавыя веды і ўменні ў галіне выкарыстання інтэрактыўных метадаў навучання; 
- найбольш матываваным удзельнікам. 
Абавязковай умовай удзелу ў трэнінгах з’яўляецца гатовасць да актыўнага выкарыстання атрыманых метадычных матэрыялаў, ведаў і ўменняў для правядзення заняткаў па навучанні правам чалавека адразу ж пасля трэнінга. 
Арганізатары забяспечваюць харчаванне, пражыванне і кампенсуюць выдаткі на праезд удзельнікаў трэнінгаў у абодва бакі. 
Адбор удзельнікаў будзе адбывацца на аснове запоўненых электронных формаў заяўкі. 
Увага! Ад адной асобы прымаецца заяўка на ўдзел толькі ў адным з двух апісаных вышэй трэнінгаў! 
Анкеты-заяўкі неабходна запоўніць да 20 мая 2012 года. Пра вынікі адбора будзе паведамлена да 25 мая. 
З пытаннямі можна звяртацца па адрасе letnik2012@gmail.com і hre@odihr.pl . 
Паводле інфармацыйнага ліста 
Трэнінгі для трэнераў у галіне правоў чалавека
28.04.2012


 
 
