Ігар Сасімовіч, Глыбокае
Раніцай 6 чэрвеня пры ўмове яснага неба адразу пасля ўсходу Сонца на яго дыску можна будзе заўважыць маленькую чорную плямку. Гэта будзе павернутая да нас цёмным бокам планета Венера. Яна на працягу амаль 8-мі гадзін будзе перасякаць дыск Сонца. У Беларусі можна будзе бачыць толькі другую палову гэтай рэдкай з’явы: ад узыходу Сонца (каля 5 гадзін раніцы) і да сыходу Венеры з дыска Сонца (каля 8 гадзін раніцы). Мінулы раз такое адбывалася 8 год назад (чэрвень 2004 года). А наступнага транзіта давядзецца чакаць ажно 105 з паловай гадоў – ён адбудзецца толькі ў 2117 годзе.
Жадаючым на свае вочы пабачыць рэдкую з’яву трэба мець на ўвазе, што нават нізка размешчанае над гарызонтам Сонца шкодзіць вачам. Асабліва небяспечна назіраць за ім з выкарыстаннем аптычных прылад. Пры гэтым абавязкова трэба выкарыстоўваць цёмнае шкло (на крайні выпадак – шчыльныя сонечныя акуляры). А найлепей выкарыстаць камеру-абскуру (ці іншы спосаб атрымання праекцыі Сонца на экране). Аб тым, як зрабіць камеру-абскуру, гл. http://gloria-project.eu/wp-content/uploads/2012/05/CameraObscuraRu.pdf . Увогуле, на сайце праекта Глорыя можна знайсці многа спасылак і парад для назіранняў за праходжаннем Венеры па дыску Сонца.
У Глыбокім будуць арганізаваныя адзін ці два пункты назіранняў за з’явай. Жадаючыя далучыцца могуць пакінуць свае заяўкі ў блогу Ігара Сасімовіча. Яшчэ там можна паглядзець, як прыкладна будзе выглядаць дыск Сонца ад яго ўзыходу да заканчэння транзіту Венеры па ім.
Англійскі астраном Джэрэмая Хоракс (Jeremiah Horrocks) у 1639 годзе ўпершыню прадказаў і назіраў транзіт Венеры.
Транзіт Венеры па дыску Сонца
04.06.2012