Беларускія дзеці і настаўнікі Беласточчыны наведалі Нью-Ёрк

14.08.2012

12 жніўня ў грамадска-царкоўнай зале на Атлантык Авеню было цесна, што нязвыкла для часу летніх адпачынкаў. Мясцовыя беларусы прыйшлі на сустрэчу з гасцямі з Беласточчыны – сябрамі Аб’яднання ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову (АБ-БА).


Нагадаем, што нядаўна ў Беластоку адзначалі 15-гадовы юбілей навучання беларускай мове ў тамтэйшых школах. З нагоды юбілею і з мэтаю падтрымкі дзейнасці АБ-БА ды заахвочвання дзяцей да вывучэння сваёй мовы, Бруклінскі аддзел Беларуска-Амерыканскага задзіночання (БАЗА) запрасіў групу моладзі і настаўнікаў ад АБ-БА на візіт ў Нью-Ёрк.

Група ў складзе 12 чалавек паказала амерыканскім беларусам, чаму яны навучыліся на ўроках беларускай мовы. Праграма іх выступу ў Нью-Ёрку складалася з дзвюх частак.

У першай прагучала кампазіцыя з вершаў Ларысы Геніюш, чый лёс звязаны з беластоцкім памежжам.

Асабліва ўразіла прысутных другая частка праграмы – праект “Ой, даўно, даўно...”, падрыхтаваны пад кіраўніцтвам настаўніцы спн.Аліны Ваўранюк і старшыні АБ-БА спн.Басі Пякарскай. Яго аснову складаюць мастацкія аповяды пра лёсы людзей, абраных самімі школьнікамі сярод сваіх блізкіх, сяброў і знаёмых. Праўдзівая гісторыя – драматычная, гераічная, а часам і трагічная, – беластоцкага беларускага люду, які жыве на памежжы двух розных сусветаў, дзе межы рэжуць па-жывому, дзе ніколі няма спакою, дзе адно пакаленне магло жыць у некалькі дзяржавах, не пакідаючы сваёй хаты. Улады мяняліся, а людзі жылі па-свойму, захоўваючы сваё роднае з пакалення ў пакаленне...

Выступленне суправаджалася цудоўным выкананнем беларускіх народных песняў.





Удзячныя слухачы былі глыбока ўзрушаныя пабачаным і цёпла віталі артыстаў. Кіраўнічкі групы са свайго боку віталі прысутных і распавялі пра намаганні захаваць беларускасць у Беластоцкім краі. Прывітанне гасцям даслалі Старшыня Рады БНР спн.Івонка Сурвіла з Канады і дырэктар Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва сп.Вітаўт Кіпель з Нью-Ёрку. Са словамі прывітання выступіў сп.Зянон Пазняк, айцец Леанід Акаловіч дабраславіў моладзь.

Прадстаўляла гасцей спн.Ала Орса-Рамана, якая зрабіла ўсё магчымае, каб гасцям у Амерыцы было ўтульна і цікава. Сяброўства спн.Алы з беластоцкімі беларусамі пачалося напрыканцы 80-х гадоў, калі сённяшнія госьці яшчэ не нарадзіліся, а іх бацькі былі маладымі.

Перад сустрэчай у Нью-Ёрку госці выступілі на Беларускім фестывалі ў Саўт-Рыверы, дзе паказалі музычны спектакль “Цацачная крама” на словы Леаніда Дранько-Майсюка і музыку Ганны Бабік.

Прыезд гасцей з Беластоку стаўся адметнаю падзеяю ў грамадскім жыцці беларусаў у Амерыцы. Няма сумневу, што ад гэтай сустрэчы застануцца ў нас самыя добрыя ўспаміны, завяжуцца новыя кантакты і плённае далейшае супрацоўніцтва.

 

Старшыня галоўнай управы БАЗА Ганна Сурмач