Апошні тэрмін падачы заяваў – 24:00, 26 верасня 2012 г. 
Школа маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA абвяшчае чацвёрты набор удзельнікаў. Міжнародная адукацыйная праграма SYMPA скіравана на фармаванне ў Беларусі супольнасці маладых людзей, кампетэнтных у галіне дзяржаўнага кіравання і публічнага адміністравання на розных узроўнях. 
Да ўдзелу ў праграме запрашаюцца маладыя людзі ва ўзросце ад 25 да 40 гадоў, якія валодаюць англійскай мовай і занятыя ў сферах дзяржаўнага кіравання, адукацыі, сацыяльнай працы, а таксама тыя, хто зацікаўлены бізнесам, дзейнасцю грамадскіх арганізацый і палітычным жыццём. 
Арганізацыйна праграма складаецца з 4 вочных навучальных сесій, якія ладзяцца ў Беларусі, Літве, Малдове (ці Грузіі) і Швецыі, і міжсесійнай працы ўдзельнікаў, якая ўключае самастойны аналіз даследаваных падчас сесій матэрыялаў, удзел у круглых сталах з прадстаўнікамі беларускай экспертнай супольнасці, палітыкамі і дыпламатамі, а таксама самастойную арганізацыю семінараў па тэматыцы школы. 
Змястоўна праграма факусуецца на актуальнай для Беларусі праблематыцы і на магчымасці ўжыць атрыманыя веды ў галіне публічнага адміністравання ў Рэспубліцы Беларусь. Удзельнікі атрымліваюць веды ў сферы паліталогіі, эканомікі, рэгіянальнага развіцця, мясцовага самакіравання, інстытутаў ЕС, электроннага кіравання, працы са СМІ і грамадскай думкай, міждзяржаўнага прыватнага партнёрства. З мэтай лепшага засваення тэарэтычных ведаў у праграму ўключанае вывучэнне практык дзяржаўнага кіравання ў краінах правядзення навучальных сесій. Удзельнікі будуць наведваць дзяржаўныя структуры (парламенты, гарадскія саветы і г.д.), адукацыйныя і сацыяльныя ўстановы, СМІ, грамадскія арганізацыі. 
Навучальныя сесіі 2012–2013 навучальнага года будуць факусавацца на наступных тэмах: 
1 сесія (уводная): «Уводзіны ў праблематыку public administration», месца правядзення – Мінск, час правядзення: 12–14 кастрычніка 2012 г. 
2 сесія: «Трансфармацыйныя працэсы ў краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы», месца правядзення – Вільня, час правядзення: снежань 2012 г. У рамках сесіі адбудуцца візіты ў Парламент Літвы, у гарадскую раду Вільні, у Нацыянальны банк Літвы, на тэлебачанне. 
3 сесія: «Досвед рэфармавання сістэмы дзяржаўнага кіравання», месца правядзення – Кішынёў (ці Тбілісі), час правядзення: сакавік 2013 г. У рамках сесіі адбудуцца візіты ў парламент, гарадскую адміністрацыю, у палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. 
4 сесія: «Фінансавы менеджмент ў публічным кіраванні», месца правядзення – Стакгольм, час правядзення: май 2013 г. У рамках сесіі адбудуцца візіты ў парламент Швецыі, у офіс амбудсмэна, інстытуты дзяржаўнага кіравання, НДА ды інш. 
Выкладчыкамі школы з’яўляюцца вядомыя навукоўцы – эканамісты, палітолагі, сацыёлагі, журналісты, спецыялісты па публічным адміністраванні з Беларусі, Малдовы, Грузіі, Літвы і Швецыі, а таксама міжнародна прызнаныя эксперты з іншых краінаў. 
Слухачы, якія прайшлі поўны курс навучання, атрымліваюць сертыфікат ад Swedish Institute for Public Administration. 
Працоўныя мовы школы: англійская, руская, беларуская. 
Апошні тэрмін падачы заяваў – 24:00, 26 верасня 2012 г. 
Крытэрыі адбору ўдзельнікаў: 
- узрост ад 25 да 40 гадоў; 
- вышэйшая адукацыя; 
- валоданне англійскай мовай на ўзроўні разумення тэкстаў, лекцыяў і вядзення дыскусіі; 
- сацыяльная актыўнасць: сяброўства ў НДА, партыях, грамадскіх рухах, прафесійных саюзах і г.д.; 
- магчымасць удзельнічаць ва ўсіх відах дзейнасці школы: вочных сесіях, семінарах, круглых сталах ды іншых відах міжсесійнай працы; 
- наяўнасць доступу ў інтэрнэт; 
- лідэрскія якасці, камунікабельнасць, крэатыўнасць. 
Арганізатары пакрываюць выдаткі, звязаныя з удзелам у школе: праезд, пражыванне, харчаванне. 
Працэдура адбору ўдзельнікаў: 
- па выніках конкурсу заявак кандыдатаў на першую ўводную сесію ў Мінску будуць запрошаныя 40 удзельнікаў; 
Пасля аналізу працы ўдзельнікаў падчас вочнай сесіі, сумоўя і напісання эсэ ў склад слухачоў школы будуць залічаныя 30 чалавек, якія возьмуць удзел у сесіях у Вільні і ў Кішынёве (ці Тбілісі); 
- да ўдзелу ў сесіі ў Швецыі будуць запрошаныя каля 2/3 слухачоў школы. Адбор будзе ажыццяўляцца згодна з рэйтынгам удзельнікаў па выніках першых дзвюх сесій і міжсесійнай працы. 
Заяўкі 
Заяўкі на ўдзел у праграме прымаюцца на адрас info@sympa-by.eu да 24:00, 26 верасня. Заяўка запаўняецца на англійскай мове. Форма заяўкі прыкладаецца. 
application_form_sympa_2012.doc  82.5 KB 
sympa_call_2012_by.doc 71 KB
SYMPA: Школа маладых менеджараў публічнага адміністравання
05.09.2012


 
 
