Доўгатэрміновы курс павышэння кваліфікацыі адукатараў у галіне правоў чалавека

07.09.2012

Апошні тэрмін падачы заявак – 10 верасня 2012 г.

Грамадскае аб’яднанне «М’АРТ» (Чарнігаў, Украіна), у партнёрстве з беларускімі спецыялістамі ў галіне адукацыі па правах чалавека, запрашае праўдзельнічаць у доўгатэрміновым курсе павышэння кваліфікацыі адукатараў у галіне правоў чалавека, які будзе адбывацца ў дыстанцыйным і вочным фармаце з верасня па лістапад 2012 года.

Мэта Курса: павышэнне кваліфікацыі адукатараў, якія працуюць са зместам правоў чалавека ў фармальнай і нефармальнай сферы.

На працягу Курса ўдзельнікі змогуць:

• Удасканаліць уласныя веды ў галіне правоў чалавека (філасофія, гісторыя, дакументы, механізмы), а таксама ў галіне адукацыі па правах чалавека (канцэпцыі, метады, дапаможныя матэрыялы);

• Набыць і/ці ўдасканаліць індывідуальныя кампетэнцыі ў планаванні, правядзенні і ацэнцы адукацыйных мерапрыемстваў у галіне правоў чалавека;

• Атрымліваць пастаянныя кансультацыі з боку спецыялістаў у галіне правоў чалавека і адукацыі па правах чалавека, а таксама зваротную сувязь з боку іншых удзельнікаў курса па розных аспектах правоў чалавека, адукацыі па правах чалавека і рэалізацыі ўласных адукацыйных ініцыятыў у галіне правоў чалавека.

Трэнерская група: у якасці трэнераў і экспертаў курса будуць працаваць запрошаныя беларускія і ўкраінскія спецыялісты ў галіне правоў чалавека і адукацыі па правах чалавека.

Мэтавая група Курса: беларускія настаўнікі, выкладчыкі, трэнеры, якія маюць досвед выкладання курса «правы чалавека» ці яго элементаў у сярэдніх і вышэйшых навучальных установах, праграмах павышэння кваліфікацыі, праграмах дадатковай адукацыі і асветы моладзі і дарослых. Плануемая колькасць удзельнікаў – 16 чалавек, узрост не абмежаваны.

Фармат Курса: тры двухдзённыя семінары ў Чарнігаве, Украіна (субота-нядзеля), а таксама індывідуальная і сумесная дзейнасць удзельнікаў паміж семінарамі на палатформе дыстанцыйнага навучання (да 6 гадзін у тыдзень) і па месцы працы.

Па выніках Курса ўдзельнікам будзе выдадзена пасведчанне аб удзеле ў Курсе.

Этапы курса, тэматыка модуляў дыстанцыйнага навучання, папярэдняя праграма ўводнага і фокус наступных семінараў, арганізацыйны аспект, працэдура адбору ўдзельнікаў – гл. анонс (doc 86 Kb)

Для ўдзелу ў Курсе неабходна не пазней за панядзелак, 10 верасня 2012 г., запоўніць анкету-заяўку (doc 43,5 Kb) і даслаць яе на адрас hre.bel.2012@gmail.com. На жаль, арганізатры не змогуць прыняць да ўвагі заяўкі, атрыманыя пасля пазначанай даты. Пасля атрымання заявак арганізатары пакідаюць за сабой права правесці тэлефоннае ці скайп-сумоўе з некаторымі ўдзельнікамі.

Пра вынікі конкурсу ўсе прэтэндэнты будуць праінфармаваныя да 12 верасня 2012 г. Адабраныя ўдзельнікі курса павінны будуць не пазней за 13 верасня 2012 г. зарэгістравацца на вэб-пляцоўцы курса, адрас якой будзе пададзены ў адпаведным лісце, у адваротным выпадку іх месцы будуць перададзены кандыдатам з групы рэзерву.

Усе пытанні, звязаныя з удзелам у Курсе, дасылайце на адрас hre.bel.2012@gmail.com .