Педагогаў адправяць на пераэкзаменоўку (PDF Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыі)

29.10.2012

Вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю педагогам цяпер давядзецца пацвярджаць кожныя пяць гадоў. У наймальнікаў будзе права паставіць пад сумненне кваліфікацыйную катэгорыю педагагічнага работніка. Больш за тое, па выніках атэстацыйнай гутаркі кваліфікацыйную катэгорыю педагогу могуць як павысіць, так і панізіць, і нават увогуле пазбавіць яго кваліфікацыйнай катэгорыі. Аб усіх нюансах новага парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў журналісту «Звязды» расказаў намеснік старшыні ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Раман ДАПІРА:

— Адразу заўважу, што галіновы прафсаюз не застаўся ў баку ад распрацоўкі новай Інструкцыі і мы неаднаразова выказвалі сваю пазіцыю адносна арганізацыі атэстацыі педагагічных работнікаў. Прыемна канстатаваць, што пазіцыя прафсаюза па гэтым пытанні была для Міністэрства адукацыі адной з вызначальных. Нашай мэтай было не страціць дасягнутыя раней заваёвы, паколькі першапачаткова стаяла пытанне аб тым, што і першую, і другую кваліфікацыйную катэгорыі педагогам таксама давядзецца рэгулярна пацвярджаць. А гэта істотна б пагоршыла прававое становішча большай паловы педагагічных работнікаў. Мы прапанавалі распаўсюдзіць такі парадак толькі на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю і кваліфікацыйную катэгорыю «настаўнік-метадыст», якую планавалася ўвесці. Міністэрства адукацыі прыслухалася да нашай пазіцыі.

— Не маглі б вы спыніцца больш падрабязна на новай кваліфікацыйнай катэгорыі: якім патрабаванням павінен адпавядаць педагог, які пажадае замахнуцца на катэгорыю «настаўнік-метадыст»?

— Абавязковай умовай для атрымання гэтай катэгорыі з’яўляецца наяўнасць аўтарскай методыкі выкладання вучэбнага прадмета або ўласнага досведу, які быў абагульнены і выкарыстоўваецца іншымі настаўнікамі ўстаноў агульнай і сярэдняй адукацыі, публікацый у навукова-метадычных і іншых выданнях аб вопыце прымянення сучасных адукацыйных, выхаваўчых і інфармацыйных тэхналогій і выкарыстання эфектыўных педагагічных формаў, метадаў і сродкаў навучання. Прэтэндаваць на прысваенне катэгорыі «настаўнік-метадыст» змогуць настаўнікі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама адукацыйную праграму спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі і адукацыйную праграму спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю.

Фактычна атрыманне кваліфікацыйнай катэгорыі «настаўнік-метадыст» будзе яшчэ адной, дадатковай прыступкай, на якую зможа ўзняцца таленавіты настаўнік. Трэба прызнаць, што кар’ерная лесвіца ў педагогіцы не вельмі доўгая, і таму не ўсе педагогі хочуць займацца кіраўніцкай дзейнасцю... Атэстацыя на прысваенне катэгорыі «настаўнік-метадыст» будзе праходзіць у форме кваліфікацыйнага экзамену, які ўяўляе сабой абарону ўласнага досведу або абарону аўтарскай методыкі выкладання вучэбнага прадмета па выбары атэстуемага, і атэстацыйнай гутаркі. Кваліфікацыйны экзамен будзе папярэднічаць атэстацыйнай гутарцы.

— Раман Восіпавіч, а што зменіцца для большасці педагогаў пасля ўкаранення новага парадку атэстацыі?

— Па-першае, атрымаць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю цяпер можна будзе толькі пасля здачы кваліфікацыйнага экзамену. Раней педагагічныя работнікі са стажам працы на пасадзе 10 і больш гадоў мелі права прэтэндаваць на вышэйшую катэгорыю ўвогуле без здачы кваліфікацыйнага экзамену. Значная колькасць настаўнікаў выкарыстоўвала такую магчымасць. Таму абавязковае перыядычнае пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі з’яўляецца ў гэтай сітуацыі лагічным.

Кваліфікацыйны экзамен на прысваенне вышэйшай катэгорыі і катэгорыі «настаўнік-метадыст», а таксама на пацвярджэнне катэгорыі «настаўнік-метадыст» будзе праводзіцца на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі і Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы ў Мінску. Магчыма, у бліжэйшы час будзе вырашана пытанне пашырэння пераліку такіх устаноў, бо арганізаваць кваліфікацыйныя экзамены на высокім узроўні маглі б і Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, і некаторыя іншыя ўстановы.

Пацвярджаць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю і катэгорыю «настаўнік-метадыст» давядзецца кожныя пяць гадоў. І гэта ўжо не права, а абавязак работніка. Прафсаюзу ўдалося адстаяць у гэтым пытанні інтарэсы педагогаў-жанчын, якія знаходзяцца ў водпуску па цяжарнасці і родах і водпуску па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. У пяцігадовы тэрмін работы на пасадзе ім не будзе ўключацца час іх знаходжання ў водпуску па доглядзе дзіцяці. Умоўна кажучы, выйшла жанчына з дэкрэту — і адлік часу зноў пайшоў...

Здаць экзамен на пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі можна будзе ў пералічаных вышэй установах, а таксама ў абласных і Мінскім гарадскіх інстытутах адукацыі.

— А як будзе праходзіць атэстацыя на прысваенне другой і першай кваліфікацыйных катэгорый?

— У нашым выпадку размова ідзе пра атэстацыйную гутарку. Прэтэндаваць на прысваенне другой кваліфікацыйнай катэгорыі змогуць педагагічныя работнікі (акрамя майстроў вытворчага навучання), якія маюць стаж працы на пасадзе, па якой атэстуюцца, два гады. Першай катэгорыі, вышэйшай катэгорыі і катэгорыі «настаўнік-метадыст» — тры гады з дня прысваення папярэдняй кваліфікацыйнай катэгорыі. Педагогі, якія атрымалі дыплом аб вышэйшай адукацыі з адзнакай, дыплом магістра ці дыплом даследчыка, будуць дапускацца да атэстацыі на прысваенне другой катэгорыі пры наяўнасці стажу працы ўсяго адзін год.

Стварацца атэстацыйныя камісіі могуць як у арганізацыях сістэмы адукацыі, так і ва ўпраўленні адукацыі абласнога выканаўчага камітэта, у Камітэце па адукацыі Мінскага гарвыканкама, раённых і гарадскіх аддзелах адукацыі. Мы настаялі на тым, каб у склад атэстацыйнай камісіі абавязкова ўваходзіў прадстаўнік прафсаюзнага камітэта або ўпаўнаважаны адпаведным прафсаюзным камітэтам. Такога ж меркавання прытрымліваліся і ў Мінадукцыі. Меркаванне калектыву і прафсаюзнай арганізацыі павінна ўлічвацца, а працэдура атэстацыі павінна быць празрыстай...

Па выніках атэстацыі могуць быць прыняты чатыры варыянты рашэнняў. Першы — прысвоіць або адмовіць у прысваенні педагогу адпаведнай кваліфікацыйнай катэгорыі. Другі — пацвердзіць кваліфікацыйную катэгорыю. Трэці — знізіць кваліфікацыйную катэгорыю, якая была прысвоена раней, і чацвёрты — адмяніць кваліфікацыйную катэгорыю. Пры прыняцці рашэння аб зніжэнні (адмене) педагагічнаму работніку кваліфікацыйнай катэгорыі, па якой ён праходзіць атэстацыю на пацвярджэнне кваліфікацыйнай катэгорыі, за ім будзе захоўвацца папярэдняя кваліфікацыйная катэгорыя.

— Калі я правільна зразумела, то педагога могуць цяпер пазбавіць нават другой кваліфікацыйнай катэгорыі?

— Інструкцыя, як і раней, прадастаўляе права кіраўнікам установы адукацыі праводзіць абавязковую атэстацыю на пацвярджэнне другой і першай кваліфікацыйнай катэгорыі педагагічных работнікаў, якія знізілі ўзровень сваёй работы, аб чым сведчаць вынікі іх педагагічнай дзейнасці за гэты перыяд, і педагагічных работнікаў, якія мелі перапынак у працы на педагагічных пасадах больш чым два гады. Такая атэстацыя, ініцыяваная кіраўніком арганізацыі, з’яўляецца для педагогаў абавязковай. Але такой атэстацыі не падлягаюць цяжарныя жанчыны і жанчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросце да пяці гадоў.

— А ці вызначаны крытэрыі зніжэння вынікаў педагагічнай дзейнасці? І ці можа педагог апратэставаць рашэнне атэстацыйнай камісіі?

— Канкрэтных, абсалютна празрыстых і зразумелых усім крытэрыяў зніжэння вынікаў педагагічнай дзейнасці сёння няма, таму прафсаюз і быў супраць з’яўлення ў інструкцыі гэтага пункта. Абароненасці настаўнікаў ён дакладна не спрыяе. А вось настаяць на паўторнай атэстацыі педработнік, у дачыненні да якога пры правядзенні атэстацыі былі дапушчаны парушэнні, і сапраўды можа. Калі ён не згодны з рашэннем атэстацыйнай камісіі арганізацыі сістэмы адукацыі, то ў дзесяцідзённы тэрмін мае права звярнуцца з рашэннем камісіі ў атэстацыйную камісію аддзела (упраўлення) адукацыі мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, а пры парушэннях, выяўленых атэстацыйнай камісіяй аддзела (упраўлення) адукацыі мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, — у вышэйстаячы аддзел (упраўленне) адукацыі выканаўчага і распарадчага органа.

— А калі ёсць прэтэнзіі да рашэння абласной атэстацыйнай камісіі? Куды яшчэ вышэй можна паскардзіцца?

— У выпадку, калі парушэнні былі дапушчаны ў дачыненні да педагагічнага работніка, які атэстуецца ў атэстацыйнай камісіі ўпраўлення адукацыі абласнога выканаўчага камітэта ці Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, па звароце педагагічнага работніка для яго паўторнай атэстацыі павінна быць створана іншая атэстацыйная камісія ўпраўлення адукацыі абласнога выканаўчага камітэта ці Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. Прычым у склад такой камісіі не могуць уключацца асобы, якія прымалі рашэнне ў дачыненні да гэтага педагагічнага работніка пры папярэдняй атэстацыі.

Калі рашэнне будзе прынята не на карысць педагога, то прайсці атэстацыю на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі зноў ён зможа не раней чым праз адзін год пасля прыняцця папярэдняга рашэння.

— Ці прадугледжаны нейкі пераходны перыяд для тых педагогаў, якім вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя была прысвоена пяць і больш гадоў таму?

— Пастановай Міністэрства адукацыі ўстаноўлена: калі вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя была прысвоена больш як пяць гадоў таму, пацвердзіць яе трэба да 1 верасня 2014 года.

— Раман Восіпавіч, усіх настаўнікаў цікавіць пытанне, ці зменіцца памер даплат за наяўнасць кваліфікацыйных катэгорый? Асабліва з улікам той акалічнасці, што педагогам цяпер давядзецца рэгулярна пацвярджаць свой прафесійны ўзровень: па ўласнай ініцыятыве або па ініцыятыве наймальніка? Ці будзе ў настаўнікаў матэрыяльны стымул для павышэння свайго педагагічнага майстэрства?

— Павышэнне педагогам кваліфікацыйнага ўзроўню абавязкова павінна адбівацца і на яго заробках — гэта наша глыбокае перакананне. Галіна павінна больш плаціць за кваліфікацыйны ўзровень, каб педагог імкнуўся да павышэння сваёй кваліфікацыі. Міністэрства адукацыі салідарнае з намі ў гэтым пытанні, аднак па прычыне абмежавання фінансавых рэсурсаў нашы прапановы пакуль не знайшлі падтрымкі на заканадаўчым узроўні. Цяпер за наяўнасць другой кваліфікацыйнай катэгорыі настаўнікі атрымліваюць надбаўку ў памеры 15% ад тарыфнай стаўкі, за першую — 20% і вышэйшую — 30%. Мы лічым, што трэба павялічыць нарматывы надбавак за кваліфікацыйныя катэгорыі ў 3–4 разы. Трэба думаць пра тое, як утрымаць у сістэме адукацыі таленавітых і перспектыўных педагогаў. Як іх заахвоціць? Бо атрыманне і пацвярджэнне катэгорыі «настаўнік-метадыст», як і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, цяпер пераўтвараецца ў сур’ёзную працэдуру. Але што педагог будзе мець на выхадзе? Мінімальную даплату? Упэўнены, што вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя не павінна быць проста часткай іміджу педагога...

Надзея Нікалаева, Звязда

Інструкцыя аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі (акрамя педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай адукацыі) pdf 191 Kb