Апошні тэрмін – 30 снежня 2012 г.
Кожную хвіліну ва ўсім свеце людзі па добрай волі робяць добрыя справы на карысць іншых людзей.
Робяць не дзеля ўлады, не дзеля грошай. Такімі людзьмі багатая і наша Гарадзеншчына. Гэтыя людзі заслугоўваюць таго, каб пра іх ведалі!
Грамадскае аб’яднанне «Цэнтр “Трэці сектар”» распачынае чарговы конкурс «Будзь у Трэцім!», мэтай якога з’яўляецца папулярызацыя дзейнасці грамадскіх арганізацый, ініцыятыў і асоб Гарадзеншчыны, якія робяць вялікі ўнёсак у вырашэнне важных мясцовых пытанняў.
Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і ініцыятыў Гарадзеншчыны, а таксама актыўныя асобы, якія займаюцца дабрачыннай дзейнасцю.
Вы маеце добрую магчымасць зрабіць сваю грамадскую дзейнасць больш вядомай, далучыць да яе новых людзей.
Конкурс праводзіцца ў наступных намінацыях:
1. Захаванне культурнай і гістарычнай спадчыны
На перамогу ў гэтай намінацыі могуць прэтэндаваць арганізацыі, ініцыятывы альбо асобы, якія займаюцца дзейнасцю, скіраванай на захаванне культурнай і гістарычнай спадчыны (арганізацыя і правядзенне даследчых экспедыцый, летнікаў, вандровак, конкурсаў, выданне навуковай і папулярнай літаратуры – зборнікаў, часопісаў, кніг, і інш.).
2. Экалогія і ахова навакольнага асяроддзя
Заяўкі на гэтую намінацыю могуць падаваць асобы, ініцыятывы альбо арганізацыі, якія папулярызуюць экалагічны лад жыцця, займаюцца дзейнасцю, скіраванай на захаванне экалогіі і навакольнага асяроддзя (арганізацыя і правядзенне экалагічных акцый, летнікаў, школ, конкурсаў, праектаў, выданне літаратуры на тэму экалогіі, папулярызацыя экалагічнага ладу жыцця і інш.).
3. Дабрачыннасць
У гэтай намінацыі прымаюцца заяўкі ад асобаў, арганізацый ці ініцыятыў, якія працуюць з сацыяльна неабароненымі людзьмі (дзецьмі-сіротамі, людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, сталымі людзьмі і г.д.), займаюцца дабрачыннай дзейнасцю (даглядаюць за бадзялымі жывёламі, збіраюць вопратку для бяздомных ці людзей, жывучых у нястачы, і г.д.).
4. Інтэрнэт-прарыў года
Інтэрнэт-прарывам года могуць стаць сайты, блогі, інтэрнэт-кампаніі, інтэрнэт-акцыі альбо падзеі ў інтэрнэт-прасторы, якія сваёй дзейнасцю ці з’яўленнем выклікалі вялікі рэзананс, абмеркаванне, паўплывалі на грамадскую думку ці падштурхнулі да канкрэтных дзеянняў па вырашэнні праблем грамадства.
5. Лепшая кампанія па адстойванні і прасоўванні інтарэсаў грамадскасці.
Пераможцам у гэтай намінацыі стане найлепшая кампанія – шэраг арганізаваных доўгатэрміновых дзеянняў, скіраваных на вырашэнне пэўнай праблемы грамадскасці альбо на прыцягненне ўвагі да гэтай праблемы.
6. Валанцёр года
У гэтай намінацыі заяўкі прымаюцца ад асобаў, якія папулярызуюць валанцёрскую дзейнасць і актыўна займаюцца грамадска-карыснымі справамі альбо дабрачыннасцю.
7. Лепшы творчы праект
На перамогу ў гэтай намінацыі могуць прэтэндаваць арганізацыі, ініцыятывы альбо асобы, якія займаюцца творчай дзейнасцю і папулярызацыяй яе ў грамадстве (арганізацыя і правядзенне творчых сустрэч, вечарынаў, кватэрнікаў, канцэртаў, арганізацыя і правядзенне творчых конкурсаў і праектаў, у тым ліку ў інтэрнэт-прасторы, і г.д.).
Пераможцаў конкурсу, якія атрымаюць дыпломы і прызы, будзе вызначаць прафесійнае журы. У яго склад увойдуць прызнаныя эксперты ў сферах, заяўленых у намінацыях, з Беларусі і замежных краін.
Кожная з намінацый таксама прадугледжвае прыз глядацкіх сімпатый.
Да 30 снежня ўключна кожны ахвотны можа падаць заяўку на ўдзел у конкурсе, запоўніўшы анкету і даслаўшы яе на скрынку 3sektar@gmail.com з пазнакай «Будзь у Трэцім».
Урачыстая цырымонія ўзнагароджвання адбудзецца ў сакавіку 2013 года, дзе кожны ўдзельнік прэзентацыі зможа пазнаёміцца з дзейнасцю арганізацый і асобаў-пераможцаў.
Ход конкурса будзе адлюстроўвацца на старонцы 3sektar.by
Анкета ўдзельнікаў конкурсу «Будзь у Трэцім!»
* Трэці сектар – арганізацыі ды рознага кшталту ініцыятывы, дабраахвотна заснаваныя грамадзянамі для вырашэння розных праблемаў грамадства, прынята адносіць да трэцяга сектару (першы аб’ядноўвае дзяржаўныя арганізацыі, другі – камерцыйныя). Ва ўсім свеце ўдзел у дзейнасці арганізацый трэцяга сектару з’яўляецца ганаровым, усяляк заахвочваецца з боку дзяржавы, устаноў адукацыі, кіраўніцтва фірм і прадпрыемстваў.
Упершыню конкурс «Будзь у Трэцім!» быў арганізаваны ў Гродна ў верасні 2011 года.
Яго мэтай была папулярызацыя лепшых інтэрнэт-рэсурсаў і інтэрнэт-кампаній, рэалізаваных грамадскімі ініцыятывамі Гарадзеншчыны. Больш інфармацыі глядзіце тут.
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне +375292836004 ці напісаўшы на скрынку 3sektar@gmail.com з пазнакай «конкурс «Будзь у Трэцім!»
Запрашаем да ўдзелу!
Паводле 3sektar.by
Конкурс «Будзь у Трэцім!» зноўку шукае лепшых!
02.11.2012