«Экслібрыс» : Конкурс твораў дзіцячай літаратуры

28.12.2012

Апошні тэрмін – 1 жніўня 2013 г.

ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і Беларускі ПЭН-цэнтр з 1 студзеня 2013 года абвяшчаюць пра пачатак прыёму твораў на конкурс маладых пісьменнікаў «Экслібрыс» імя Янкі Маўра. У 2013 годзе споўніцца 130 гадоў з дня нараджэння вядомага дзіцячага пісьменніка. А таму сёлета тэмай конкурсу абраная дзіцячая літаратура.



Да разгляду конкурснага журы будуць прымацца творы для дзяцей у наступных жанрах: проза (апавяданні, казкі і г.д.), паэзія (вершы, байкі і г.д.), п’есы, тэксты песень, коміксы, пераклады замежных дзіцячых твораў на беларускую мову.

Асаблівая ўвага будзе нададзеная:

* творам для падлеткаў;
* творам, у якіх апісаны цікавы сучасны вобраз героя/гераіні;
* творам з надзвычай арыгінальным сюжэтам;
* творам у незвычайных для беларускай літаратуры жанрах: комікс, графічны раман і г.д.;
* творам, якія пераасэнсоўваюць сюжэты і герояў класічных дзіцячых твораў.

Узяць удзел у конкурсе могуць пісьменнікі, літаратурныя крытыкі і перакладчыкі не старэйшыя за 40 гадоў.

Журы конкурсу:

Алена Масла;
Людміла Рублеўская;
Алесь Пашкевіч;
Пятро Васючэнка;
Серж Мінскевіч.

Тэксты на конкурс можна дасылаць да 1 жніўня 2013 на адрас sbp@lit-bel.org, пазначыўшы тэмай ліста «Конкурс». У лісце мусіць быць інфармацыя пра імя, прозвішча, дату нараджэння ўдзельнікаў, іх кантактныя нумары тэлефонаў і e-mail.

Па выніках літаратурнага конкурсу пройдзе вечарына ўзнагароджання, творы пераможцаў будуць надрукаваныя ў часопісе «Дзеяслоў» і газеце «Літаратурная Беларусь», а іх саміх запросяць на літаратурны пленэр. Найлепшыя творы, дасланыя на конкурс, могуць выйсці асобнай кнігай.

Перамога ў «Экслібрысе» прынясе аўтару не толькі заслужаную славу дзіцячага пісьменніка, але і новую мадэль планшэта Prestigio MultiPad 8.0 3G Note, створаную адмыслова для тых, чыя праца звязаная са словам. Уладальнікі другога і трэцяга месца атрымаюць рыдэры Prestigio на электронных чарнілах.

Паводле lit-bel.org