12 студзеня 2013 г.
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашае дзяцей і дарослых на мерапрыемства «Рыхтуем Шчодры вечар», якое адбудзецца 12 студзеня з 13:00 да 15:00.
Фота etna.by
Беларуская калядная абраднасць з’яўляецца помнікам этнічнай гісторыі беларускага народа, яго своеасаблівай культурнай спадчынай. Таму Беларускі дзяржаўны музей архітэктуры і побыту ўжо ў трэці раз запрашае пазнаёміцца з унікальнымі традыцыйнымі абрадамі каляднага перыяду. Толькі 12 студзеня кожны мае магчымасць на ўласныя вочы ўбачыць:
- гульню «Жаніцьба Цярэшкі» (Лепельскі раён Віцебскай вобласці), занесеную ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Рэдкі шанец пазнаёміцца з адным з самых знакамітых калядных абрадаў – гульнёй «Жаніцьба Цярэшкі» з абавязковым выкананнем танца Лявоніха, які сёння вядомы кожнаму.
- абрад «Святое ражство радасць прынясло», які з’яўляецца прэтэндэнтам на ўнясенне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Прадэманструе фальклорны ансамбль «Чарнабрыўцы» з вёскі Маркавічы Гомельскага раёна Гомельскай вобласці.
- калядную абрадавую праграму ад узорнага фальклорнага ансамбля «Рудабельскія зорачкі» (г.п.Акцябрскі Гомельскай вобласці).
Падчас мерапрыемства можна будзе даведацца аб традыцыях адзначэння Калядаў на Беларусі і прыняць удзел у бясплатнай экскурсіі па новай экспазіцыі ў помніку «Пакроўская царква з в. Логнавічы Клецкага раёна».
Упершыню на адпаведных майстар-класах кожны наведвальнік зможа зрабіць святочныя сувеніры.
Запрашаем усіх наведвальнікаў прыняць удзел у традыцыйным конкурсе «Калядная зорка».
Зрабіце загадзя сваю калядную зорку,прынясіце яе на свята і станьце пераможцам!
Пад час свята «Шчадрэц» кожны ўдзельнік зможа пазнаёміцца з экспазіцыяй музея, зрабіць незабыўныя фотаздымкі з удзельнікамі свята, за дадатковую плату набыць сувеніры ад народных майстроў і падсілкавацца ў Карчме. Пачнем Новы год разам! Да сустрэчы на свяце!
Праграма мерапрыемства
Кошт квіткоў – 20 000 руб., для дзяцей дашкольнага ўзросту – бясплатна.
Экспазіцыя музея працуе з 10.00 да 16.20. Каса працуе з 10.00 да 15.20.
Шаноўныя наведвальнікі!
Калі ласка, паклапаціцеся аб абутку і вопратцы згодна ўмоў надвор’я.
Музей пакідае за сабой права адмены ці замены асобных эпізодаў мерапрыемства.
Паводле etna.by
«Рыхтуем Шчодры вечар»
08.01.2013