Беларусь: У абдымках зорак (відэа)

29.01.2013

Віктар Малышчыц – выкладчык астраноміі і фатограф – выклаў на рэсурс Vimeo кліп, зроблены з фотаздымкаў зорнага неба над славутымі беларускімі мясцінамі.

«Часам дастаткова хаця б раз убачыць сапраўднае зорнае неба, каб назаўсёды палюбіць яго, – кажа аўтар роліка. – А часам дастаткова проста аднойчы ўбачыць сваю краіну пад зорным небам, каб яшчэ больш закахацца ў яе. Крыштальная роўнядзь Браслаўскіх азёраў, палярнае ззянне над Вілейскім водасховішчам, Млечны Шлях між старых дубоў і над мурамі старых храмаў і замкаў… У гэтым кароткім фільме Беларусь – на фоне Космасу, пад бяскрайнім начным небам, у абдымках зорак».

Беларусь: у абдымках зорак (Belarus: in Embrace of Stars) from Viktar Malyshchyts on Vimeo.


Віктар Малышчыц вучыўся ў глыбоцкай СШ №3 г. Колішні вучань нашых даўніх аўтараў Ігара Сасімовіча ды Івана Храпавіцкага цяпер сам выкладае астраномію (у БДУ і ў 29 мінскай гімназіі). «Трэба сказаць, заробкі там не астранамічныя, – жартуе малады выкладчык. – І так сталася, што астранамічныя здымкі – гэта проста спалучэнне двух захапленняў: астраноміі і фота».

Дарэчы, палярнае ззянне, паказанае ў кліпе – нячастае відовішча для нашых мясцінаў: «Каб убачыць такое ў Беларусі, трэба сапраўды моцная магнітная бура, якая ідзе ўслед за ўспышкамі на Сонцы», – тлумачыць Віктар Малышчыц.

Ролік «Беларусь: У абдымках зорак» створаны ў тэхналогіі Timelaps (паслядоўныя фотаздымкі мантуюцца ў відэастужку). Здымкі рабіліся ўлетку 2012 года. Папярэдне было знята амаль дваццаць тысяч кадраў, з іх у канчатковы ролік (працягам 2,5 хвіліны) увайшлі прыблізна чатыры с паловай тысячы.