Віцэ-прэм'ер Беларусі Анатоль Тозік, выступаючы 6 лютага на калегіі Міністэрства адукацыі, заклікаў шукаць рэсурсы для павелічэння зарплаты настаўнікам ўнутры сістэмы адукацыі. Тозік адзначыў, што заработная плата настаўнікаў залежыць ад магчымасцяў бюджэту, а таксама ад таго, як будзе аптымізавана сетка агульнаадукацыйных школ.
Паводле слоў віцэ-прэм'ера, ён яшчэ можа зразумець, калі ў сельскай мясцовасці адзін вучань у класе вучыцца ў малодшай школе, але не разумее, чаму сем-восем чалавек у класе вучацца ў старэйшай школе. «Гэта дарослыя людзі Яны што, не могуць паехаць у школу ў райцэнтр на аўтобусе? Не трэба абсалютызаваць, але трэба кіравацца здаровым сэнсам ў гэтым пытанні», – cказаў віцэ-прэм'ер.
Міністэрства лічыць неабходным з 1 верасеня 2013 г. забяспечыць сярэднюю напаўняльнасць першых, пятых і дзясятых класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у гарадской мясцовасці, 24 навучэнцамі. Міністр адзначыў, што нельга «дапускаць адкрыцця з 1 верасня года 10-х і 11-х класаў з напаўняльнасцю да пяці вучняў».
Міністэрства таксама рэкамендуе аб'ядноўваць 1-я, 2-я, а таксама 3-я і 4-я класы з напаўняльнасцю да шасці вучняў не толькі па вучэбных прадметах «Фізічная культура і здароўе», «Працоўнае навучанне», «Музыка», «Выяўленчае мастацтва», але і «Чалавек і свет». Дадзеная мера, адзначыў міністр, «дазволіць арганізаваць работу ў 1 – 4-х класах двума педагогамі замест чатырох».
Паводле звестак Мінадукацыі, у параўнанні з 2011/2012 годам колькасць школ скарацілася на 120, а колькасць навучэнцаў на 7,4 тыс. чалавек. У сувязі з закрыццём устаноў адукацыі актуальным становіцца пытанне падвозу дзяцей у школы. Па дадзеных міністэрства, каля 74 тыс. дзяцей падвозяць у школы. Міністр асабліва адзначыў важнасць забеспячэння бяспечных умоў для навучэнцаў пры арганізацыі падвозу.
Гаворачы аб сістэме вячэрніх школ, віцэ-прэм'ер Тозік падкрэсліў, што «цяпер не пасляваенны перыяд, а гэтыя школы для тых, хто не атрымаў адукацыю ў адпаведным узросце». Такім чынам, сістэма вячэрніх школ павінна спыніць існаванне, а замест яе павінны дзейнічаць кансультацыйныя класы ў звычайных школах.
Гаворачы пра міжшкольныя вучэбна-вытворчыя камбінаты працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі (ВВК), Тозік назваў іх анахранізмам і сказаў, што «яны не патрэбныя». Паводле звестак Мінадукацыі, з ліку навучэнцаў 10–11-х класаў, якія прайшлі прафесійнае навучанне, кваліфікацыйны экзамен здаюць не больш за 70%. Такім чынам, рэзюмаваў Тозік, рэсурсы для павелічэння зарплаты, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы школ неабходна шукаць у аптымізацыі сістэмы адукацыі.
Паводле звестак Мінадукацыі, у 2012 годзе сярэдняя заработная плата па галіне склала 2.769. 000 рублёў (332 долары ЗША ў эквіваленце), або 74% ад сярэдняй заработнай платы ў краіне. Сярэднямесячная зарплата педагагічных работнікаў (акрамя прафесарска-выкладчыцкага складу) склала 3 млн. 59 тыс. рублёў, ці 81,8% ад узроўню ў рэспубліцы, настаўнікаў – 3 млн 279 тыс, або 87,7%, прафесарска-выкладчыцкага складу – 4 млн 872 тыс, ці 130,3%. Самая высокая сярэдняя зарплата педагагічных работнікаў была ў Мінскай вобласці – 3 млн 245 тыс, а таксама ў Магілёўскай -. 3 млн 214 тыс, самая нізкая ў Гродзенскай – 2 млн 882 тыс, Брэсцкай – 2 млн 943.тыс.
Паводле звестак Мінадукацыі, сярэдняя зарплата настаўнікаў у іншых краінах складае: у Расіі – 717 долараў, Казахстане – 420, Германіі – 3,9 тыс, Фінляндыі – 2,6 тыс, Францыі – 2,2 тыс, Англіі – 2,5 тыс.
Паводле матэрыялаў сайтаў tut.by і naviny.by
Адукацыю чакае аптымізацыя
07.02.2013