Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Генадзь Пальчык 13 лютага паведаміў, што ў цэнтры ўвагі заканадаўцаў – пытанні, звязаныя з правядзеннем маніторынгу правапрымяняльнай практыкі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Па выніках маніторынгу дэпутаты маюць намер выйсці на фармат парламенцкіх слуханняў. «Гэтыя пытанні важныя для ўсяго грамадства, таму што заканадаўчая база ў сферы адукацыі найбольш сацыяльна значная. Вынікі слуханняў, з нашага пункту гледжання, могуць стаць асновай для ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб адукацыі », – адзначыў ён.
Г. Пальчык растлумачыў, што дэпутаты – члены камісіі будуць праводзіць маніторынг прымянення Кодэкса ў адукацыйным працэсе ўсёй нацыянальнай сістэмы: «Гэта тычыцца і дашкольнага ўзроўню, і агульнай сярэдняй, і вышэйшай, і паслядыпломнай адукацыі». У гэтых мэтах распрацаваны анкеты для кіраўнікоў устаноў адукацыі, для бацькоў навучэнцаў і выкладчыкаў.
З другой паловы сакавіка пачнецца правядзенне пашыраных пасяджэнняў Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы. «Пасяджэнні будуць праходзіць па ўзроўнях адукацыі. Мы будзем запрашаць з усіх рэгіёнаў прадстаўнікоў розных структур – упраўленняў адукацыі, інстытутаў развіцця адукацыі. А таксама кіраўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і, дапусцім, дашкольных устаноў рэгіёнаў. Акрамя гэтага, у пасяджэннях прымуць удзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і Нацыянальнага інстытута адукацыі. Пры абмеркаванні пытанняў, звязаных з вышэйшай адукацыяй, плануем запрашаць прадстаўнікоў Рэспубліканскага савета рэктараў вышэйшых навучальных устаноў. Падчас маніторынгу плануюцца і іншыя мерапрыемствы », – сказаў Г.Пальчык.
Паводле сайта Палаты прадстаўнікоў НС РБ
Дэпутаты плануюць палепшыць Кодэкс аб адукацыі
18.03.2013