31 сакавіка 2013 г.
У апошні дзень сакавіка ў Мінску ўпершыню пройдзе Фестываль моў! Філалагічны факультэт БДУ, 11:00, уваход вольны.
На працягу аднаго дня наведвальнікаў Фестывалю чакаюць аповеды пра больш за 30 розных моў свету – старажытных і сучасных, рэдкіх і распаўсюджаных, а таксама некалькі папулярных лекцый на лінгвістычную тэматыку.
Аснову Фестывалю складаюць прэзентацыі моў. Прэзентацыя кожнай мовы – гэта захапляльная міні-лекцыя працягласцю 40 хвілін, падчас якой прэзентатар (спецыяліст па пэўнай мове) падзеліцца са слухачамі самымі цікавымі фактамі пра гэтую мову.
Прэзентацыі моў размеркаваны па паралелях: у кожнай паралелі адначасова адбываюцца 6 прэзентацый у розных аўдыторыях, так што наведвальнік заўжды мае магчымасць выбраць, на прадстаўленне якой мовы пайсці. Агульным лікам паралеляў 6, і, такім чынам, за дзень Фестывалю кожны можа пазнаёміцца з шасцю мовамі. Выбар досыць складаны, але каб яго палегчыць, падчас адкрыцця Фестывалю прэзентатары зробяць кароткія анонсы усіх расповедаў. А на закрыцці Фестывалю гасцей чакае шматмоўны канцэрт.
Прэзентатары Мінскага фестывалю моў – студэнты, аспіранты і выкладчыкі філалагічнага факультэта і факультэта міжнародных адносін БДУ і розных факультэтаў МДЛУ, выкладчыкі Інстытута лінгвістыкі РДГУ (Масква), а таксама лінгвісты і спецыялісты па некаторых мовах з Мінска, Масквы, Санкт-Пецярбурга і Кіева.
на minsklingfest.by
Мінск: Фестываль моў
26.03.2013