У мінскай школе прэзентавалі фестываль праектаў «Мы – грамадзяне Беларусі»

09.04.2013

Ірына Гуськова

6 красавіка ў ДУА СШ № 207 г. Мінска адбыўся практычны міжнародны семінар «Прэзентацыя фестывалю праектаў “Мы – грамадзяне Беларусі”». Мэта семінара – стварэнне ўмоваў па фармаванні грамадзянскасці і патрыятызму ва ўмовах сталічнага рэгіёну.

У семінары прынялі ўдзел прарэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Міхал Пазнікаў, начальнік аддзела выхаваўчай працы ўпраўлення адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Мінска Святлана Кудзіна, адміністрацыя і педагогі ДУА «Сярэдняя школа № 207 г. Мінска», арганізатар конкурсу «Мы – грамадзяне Украіны» Пётр Кендзар, арганізатары конкурсу «Я – грамадзянін» у Чэшскай Рэспубліцы Радэк Прохазка і Марцін Мацейка.


Арганізатар конкурсу «Мы – грамадзяне Украіны», кандыдат педагагічных навук Пётр Кендзар

Заслухаўшы выступ Пятра Іванавіча Кендзара, прыходжу да высновы, што праблемы, якія склаліся ў Украіне, характэрныя і для Беларусі. Сучасная сістэма адукацыі рыхтуе прагматычных, ашчадных і абыякавых людзей, здольных выконваць дзеянні паводле інструкцыі, але няздольных крэатыўна мысліць і браць адказнасць на сябе. Паўстае пытанне: якім мы павінны выхоўваць грамадзяніна? Перш за ўсё, тым, хто мае наступныя сацыяльныя кампетэнцыі:

1) Гнуткасць, мабільнасць. Уменне інтэгравацца ў розныя сферы жыцця;

2) Творчасць, крэатыўнасць;

3) Уменне працаваць у камандзе, групе. Гэта дазволіць знайсці аднадумцаў;

4) Уменне здабываць патрэбную інфармацыю;

5) Камунікатыўнасць – уменне стрымліваць свае эмоцыі; аргументавана, лаканічна тлумачыць; «слухаць і пачуць».

Для таго, каб выхаваць асобу з гэтымі якасцямі, неабходна вучня ўключаць у жыццёвую або змадэляваныя сітуацыю. Гэта можна зрабіць праз педагагічную практыку, экскурсіі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, методыку праектавання. У гэтым працэсе настаўнікі, вучні і іх бацькі павінны быць партнёрамі.

Удзельнічаючы ў праектнай дзейнасці, вучні праяўляюць ініцыятыву і набываюць першы досвед сацыяльнага дзеяння. Гэты досвед павінен быць пазітыўным.

У заключэнне Пётр Кендзар адзначыў, што ніколі не ставіць мэтай вынік (рашэнне праблемы). Важны працэс, падчас якога адбываецца выхаванне і развіццё.

Калегі з Чэхіі ўжо 7 гадоў укараняюць ў сваіх школах праектную дзейнасць. Ініцыятыва зыходзіла зверху. Кожная школа павінна была распрацаваць свой праект, у цэнтры якога была б скразная тэма: «Выхаванне дэмакратычнага грамадзяніна», «Адукацыя вучня як асобы і сацыяльная адукацыя», «СМІ і адукацыя», «Адукацыя да мыслення ў еўрапейскім і глабальным кантэксце», «Мульцікультурнае выхаванне», «Экалагічная адукацыя». Каля 80% праектаў мелі плён. Многія палітыкі Чэхіі пазней у сваіх перадвыбарных праграмах выкарыстоўваюць тыя праблемы ды іх вырашэнні, што былі прапанаваныя дзецьмі.


Арганізатары конкурсу «Я – грамадзянін» у Чэшскай Рэспубліцы: намеснік дырэктара школы г. Німбурк Радэк Прохазка і настаўнік гімназіі г. Падэбрады, кандыдат філасофскіх навук Марцін Мацейка.

Праект чэшскіх калег «Я – грамадзянін» мае скразную тэму «Выхаванне дэмакратычнага грамадзяніна». Мяркуецца, што ўдзел у праекце дасць вучням асновы грамадзянскай пісьменнасці. Яна выказвае здольнасць арыентавацца ў праблемах, якія ўзнікаюць у адкрытым плюралістычным дэмакратычным грамадстве. Тэматычнымі абласцямі скразной тэмы з’яўляюцца:

• Грамадзянская супольнасць і школа (прэзентацыя школы, стварэнне статута школы, класнае самакіраванне, удзел у арганізацыі мерапрыемстваў, правядзенне дабрачынных мерапрыемстваў ды інш.).

• Грамадзянін, грамадзянская супольнасць і дзяржава (прэзентацыя школы, стварэнне статута школы, класнае самакіраванне, удзел у арганізацыі мерапрыемстваў, правядзенне дабрачынных мерапрыемстваў ды інш.).

• Формы ўдзелу грамадзян у палітычным жыцці (сімуляцыя выбараў, кантакты з палітыкамі, наведванне розных прадстаўнічых органаў улады, мясцовае самакіраванне, няўрадавыя арганізацыі .ды інш.).

• Прынцыпы дэмакратыі як формы праўлення і спосабы прыняцця рашэнняў (правы і абавязкі, школьны парламент, маёмасць школы, свабода ў дэмакратыі ды інш.).

Агульная схема праекта выглядае так:

1) Выбар тэмы.

2) Планаванне дзейнасці.

3) Рэалізацыя праекта.

4) Прэзентацыя вынікаў.

5) Ацэнка праекта настаўнікам.

Прынцыпамі паспяховай працы каманды вучняў з’яўляюцца:

• Супрацьлеглыя погляды не з’яўляюцца праблемай, хутчэй з’яўляюцца рэсурсам групы;

• Заўсёды пра ўсё дамаўляцца наўпрост;

• Для лепшага разумення трэба задаваць дадатковыя пытанні, тлумачыць і падводзіць вынікі і г.д.

Настаўнік сочыць за тым, каб каманда не адыходзіла ад выканання заданняў і мэтаў, спыняе агрэсіўныя паводзіны і супрацьстаянне ўнутры групы.

Ход працы каманды фіксуецца ў працоўным сшытку. Ён служыць для кантролю правільнасці здзейсненых крокаў і для кантролю з боку настаўніка-кансультанта.

Каманда архівуе ўсё, што датычыцца рэалізацыі праекта: усе лісты, тэлефонныя размовы, вынікі галасаванняў, поспехі і няўдачы – і рыхтуюць дакументацыю для прэзентацыі. Вынік працы захоўваецца ў вучнёўскай і школьнай базах звестак.

Намеснікі дырэктара ДУА СШ № 207 г. Мінска, кіраўнікі фестывалю Ала Гулюк і Кацярына Стрыгельская агучылі рэкамендацыі па падрыхтоўцы да фестывалю праектаў «Мы – грамадзяне Беларусі».


Ала Гулюк


Кацярына Стрыгельская

Алгарытм працы над сацыяльным праектам складаецца з сямі этапаў:

1. Падрыхтоўчы. Выбар праблемы (школа, двор – тое, што ляжыць на паверхні), абмеркаванне на класнай гадзіне.

2. Збор інфармацыі.

3. Шляхі вырашэння праблемы. Спосаб павінен быць рэальным.

4. Практычная рэалізацыя. Прапановы для дзяржаўных органаў.

5. Прэзентацыя праекта.

6. Падвядзенне вынікаў.

7. Ацэньванне сваіх поспехаў і промахаў.

Праз удзел у праектнай дзейнасці будуць развівацца грамадзянскія кампетэнцыі:

• паважлівае стаўленне да перакананняў іншых людзей;

• разуменне асноўных прынцыпаў, на якіх грунтуюцца заканадаўчыя і грамадскія нормы;

• разуменне сваіх правоў і абавязкаў у школе і па-за школай;

• прыманне адказных рашэнняў з улікам сітуацыі.

• разуменне асноўных экалагічных пытанняў і праблемаў навакольнага асяроддзя


Прарэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, кандыдат педагагічных навук Міхаіл Пазнікаў

Запомніўся эмацыйны, напоўнены філасофскім сэнсам, выступ Міхаіла Аляксандравіча Пазнікава. «Выхаваць грамадзяніна значыць выхаваць адказную, самастойную асобу. Мы павінны ствараць умовы праз педагогіку нягвалту. Усё ў гэтым свеце заснавана на павазе. Маленькі чалавек, які не паважае іншых, не паважае праўду».

Міхаіл Пазнікаў згадаў словы швейцарскага педагога Адольфа Фер’ера (1879 – 1960) для таго, каб правесці паралель з сучаснасцю.

«І стварылі Школу так, як загадаў ім д’ябал. Дзіця любіць прыроду, таму яго замкнулі ў чатырох сценах. Дзіцяці падабаецца ўсведамляць, што яго праца мае нейкі сэнс, таму ўсё наладзілі так, каб яго актыўнасць не прыносіла ніякай карысці. Ён не можа заставацца без руху – яго прымусілі да нерухомасці. Ён любіць працаваць рукамі, а яго сталі навучаць тэорыям і ідэям. Ён любіць казаць – яму загадалі маўчаць. Ён імкнецца зразумець – яму загадалі вучыць на памяць. Ён хацеў бы сам шукаць веды – яму яны даюцца ў гатовым выглядзе.
І тады дзеці навучыліся таму, чаму яны ніколі б не навучыліся ў іншых умовах. Яны навучыліся хлусіць і прыкідвацца. Дзеці адбіліся ад рук. Яны бягуць з дому, шукаюць прыгод. Яны робяцца практычныя, самаўпэўненыя і ўпартыя без дапамогі школы і нават насуперак ёй. І разбурылася Школа, якая была створана з падбухторвання д’ябла».

Падобна да нашай школы?

З пытаннямі па арганізацыі і правядзенні фестывалю праектаў «Мы – грамадзяне Беларусі» можна звяртацца ў ДУА «СШ №207 г.Мінска»: Ала Фёдараўна Гулюк (lassiebird999@gmail.com), Кацярына Ігараўна Стрыгельская (kat_str@mail.ru); sch207@minsk.edu.by ; тэл. 2052657.