«Фэст экскурсаводаў – 2013»

11.04.2013

20 – 21 красавіка 2013 г. 

Шаноўныя сябры! Неабыякавыя краязнаўцы і экскурсаводы, гісторыкі і архітэктары, настаўнікі і супрацоўнікі музеяў, турфірмаў, раённых аддзелаў культуры! 20 – 21 красавіка ў Беларусі адбудзецца чарговы «Фэст экскурсаводаў», прымеркаваны да Міжнароднага дня помнікаў і мясцінаў, які адзначаецца ва ўсім свеце 18 красавіка па ініцыятыве ЮНЕСКА вось ужо 30 год.



«Фэст экскурсаводаў» узнік у 2009 годзе з мэтай пазнаёміць жыхароў канкрэтных рэгіёнаў, гарадоў, вёсак, раёнаў і нават вуліц з тымі помнікамі, побач з якімі яны жывуць і ходзяць кожны дзень. У свядомасці чалавека часта жыве ўпэўненасць, што жывучы на адным месцы досыць доўга ўсё пра яго ведаеш і нічога цікавага побач няма. І менавіта ў гэтым хаваецца прычына занядбанасці шматлікіх гістарычных будынкаў. «Адкрыць вочы» мясцовым жыхарам – вось што можа паспрыяць захаванню і адраджэнню таго ці іншага помніка!

«Фэст экскурсаводаў» – гэта шэраг бясплатных экскурсій па найцікавейшых мясцінах, па небанальных маршрутах і тэмах, якія будуць праведзеныя на працягу 2 дзён па розных кутках Беларусі. Кожны год мы спрабуем данесці інфармацыю пра бясплатныя экскурсіі менавіта да жыхароў тых раёнаў і вуліц, дзе яна будзе адбывацца.

«Фэст экскурсаводаў» – гэта адкрытая акцыя. Мы звяртаемся да краязнаўцаў і экскурсаводаў: прапануйце свае цікавыя пешаходныя маршруты! Падрыхтуйце тэму, якую вам даўно карцела раскрыць, але не было на яе камерцыйнага заказу. Ахвяруйце некалькімі гадзінамі, каб падзяліцца сваімі ведамі з тымі, хто хацеў бы больш даведацца пра родныя мясціны.

Мы шукаем актыўных людзей у абласных і раённых цэнтрах, мястэчках і вёсках для дапамогі ў арганізацыі сваіх міні- (а можа і не міні) Фэстаў у рэгіёнах. У Мінску за 2 дні праводзіцца больш за 30 экскурсій. Нам бы хацелася, каб іншыя мясціны Беларусі не адставалі ў гэтай справе. Калі Вы займаецеся даследваннем гісторыі свайго горада, мястэчка, падзяліцеся ёй з тымі, хто жыве побач з Вамі!

Патэлефануйце ці напішыце нам – паведамце пра сваё жаданне арганізаваць ці правесці экскурсію – і мы апублікуем яе ў агульным спісе экскурсій «Фэста экскурсаводаў», які будзе размешчаны на буйнейшых інтэрнэт-парталах і ў друкаваных СМІ! Будзем радыя бачыць сярод удзельнікаў Фэста і турыстычныя прадпрыемствы. Дадайце ў агульны спіс сваю бясплатную экскурсію! Гэта дазволіць большай колькасці людзей даведацца больш пра сваю малую Радзіму, а вам зробіць неблагую рэкламу.

У гэтым годзе ў межах Фэста будуць распрацаваныя і праведзеныя ў Мінску экскурсіі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Мы паспрабуем раскрыць тэму, якую ў якасці «гадавой» прапанаваў міжнародны камітэт ICOMOS – ахова помнікаў адукацыі.Правядзём некалькі экскурсій для маленькіх дзетак, распрацуем адмысловыя маршруты для веласіпедных экскурсій, арганізуем гістарычныя вандроўкі па самых старых храмах. Дый шмат чаго яшчэ цікавага...

Мы адкрытыя да супрацоўніцтва і чакаем новых удзельнікаў з цікавымі ідэямі!

Пішыце нам на адрас: fest@icomos.by  

Тэлефоны для даведак:
+375295571124 (Цімох)
+375333413612 (Яўгенія)
+375298969785 (Валянціна)

Аргкамітэт «Фэста экскурсаводаў 2013»: ГА «Беларускі камітэт ІКАМОС», ГА «Беларуская асацыяцыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў», краязнаўчы клуб «Дыярыуш» (БДПУ імя М. Танка), інтэрнэт-партал «Holiday.by», МГА «Гісторыка».

Спіс экскрусій будзе ТУТ 14 красавіка 2013 г. 

Паводле fest.icomos.by