Тамара Мацкевіч
Не так даўно адзін з бацькоў гімназістаў скульптар Генадзь Лойка правёў адзіночны пікет каля будынка гімназіі №4 супраць зменаў у статут гэтай установы, якія дазвалялі паступова перавесці навучанне ў гімназіі на рускую мову. Яго тады судзілі і пасадзілі на 5 сутак. Аднак на тым справа не скончылася. Падзея прыцягнула ўвагу бацькоў гімназістаў, якія пачалі збіраць подпісы за вяртанне беларускай мовы як адзінай мовы навучання і выхавання ў статут гімназіі.
З лістом, падпісаным 32 асобамі, накіравалі ў гімназію дэлегацыю, якую ачоліў выбітны паэт і грамадскі дзяяч Генадзь Бураўкін. Адбылася канструктыўная размова з кіраўніцтвам гімназіі, у якой прынялі ўдзел не толькі бацькі, настаўнікі, але і прадстаўнікі ТБШ. Настаўнікі з разуменнем паставіліся да патрабаванняў бацькоў, у выніку размова ішла пра тое, што нам усім трэба працаваць разам. Кіраўніцтва школы дзялілася праблемамі і слухала прапановы пра дапамогу ў іх вырашэнні.
І вось сёння зверху прыйшоў адказ на ліст бацькоў, дзе кіраўніцтва Упраўлення адукацыі Фрунзенскага раёна Мінска абавязала адміністрацыю адзінай у раёне беларускамоўнай гімназіі №4 унесці папраўкі ў статут на карысць беларускай мовы.
Як да гэтага ліста ставіцца? Як да капітуляцыі адукацыйнай вертыкалі? Як да спробы выправіць сваю ж памылку – бо статут меў супярэчлівыя пункты яўна праз недагляд таго ж упраўлення?
Мне здаецца, гэта няважна. Важна, каб беларусы навучыліся глядзець адзін на аднаго як на саюзнікаў, а не на ворагаў. Настаўнікі на бацькоў, бацькі на школьную адміністрацыю, адміністрацыя – на грамадскія арганізацыі. Тады будзе вырашальнай любая праблема. Менавіта тады стане ўсім ясна, што дзеянні вышэйшых структур – будзь тое іхныя 5 сутак арышту за віншаванні з Днём роднай мовы, ці прызнанне сваёй жа памылкі ў выглядзе высакапарнага ліста з адміністрацыі, не маюць для нас вялікага значэння.
Больш па тэме:
Перамога Гэніка Лойкі
Бацькі дабіліся вяртання мовы: са статута гімназіі №4 прымуць пункт аб навучанні па-расейску
Гімназія №4 застанецца беларускамоўнай дзякуючы бацькам, настаўнікам і салідарнасці беларусаў
15.04.2013