19 мая 2013 г.
Міжнародны дзень сем’яў (International Day of Families) заснаваны Генеральнай асамлеей ААН у 1993 годзе. Паўсюдна яго святкаванне прызначана на 15 мая.
Хіба не выдатна адзначыць яго ў яднанні з прыродай? Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашае сабрацца ўсёй сям’ёй і адзначыць Міжнародны дзень сем’яў у нядзелю 19 мая 2013 г.
Сёлета музей сумесна з Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм» прапануюць цікавую праграму, кампазіцыйна заснаваную на сюжэце мультыплікацыйнага фільма «Прыгоды Несцеркі» рэжысёра Ігара Воўчака.
У мультфільме Несцерка, дзякуючы прыроднай кемлівасці і дваім пацешным сябрам – сабаку і кату – дае рады любым, нават самым няпростым перашкодам, вучыцца адрозніваць Шчасце ад Ліха і робіць для сябе важныя жыццёвыя высновы. Рэжысёр карціны Ігар Воўчак кажа, што мультфільм разлічаны для сямейнага прагляду і адна з галоўных задач яго – навучыць мудрасці, закладзенай у беларускіх казках.
Наведнікам прапануецца шэраг этапаў-задач на кемлівасць і спрыт, па выніках якіх яны атрымаюць квіток на сеанс мультфільма, які адбудзецца ў 13.00 і 14.00 у адным з помнікаў народнай архітэктуры. Акрамя таго, у 15.00 адбудзецца сустрэча з рэжысёрам і творчай групай мультфільма.
Чакаем Вас 19 мая 2013 г. у Музеі народнай архітэктуры і побыту. Пачатак свята – 12.00.
Кошт квіткоў для дарослых – 20 000 руб., для навучэнцаў ВНУ – 15 000 руб., навучэнцаў ССНУ і вучняў – 10 000 руб., дзеці дашкольнага ўзросту – бясплатна.
на etna.by
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту: «У гасцях у Несцеркі»
09.05.2013