Доля беларускай мовы на ЦТ зніжаецца, але ёсць тыя, хто здае ўсё па-беларуску

04.06.2013

Сёлета на цэнтралізаванае тэставанне зарэгістравалася 117768 чалавек.

Рэкордна нізкая колькасць абітурыентаў выбрала для здачы на тэставанні беларускую мову – усяго 33 564 (28%).
Усе апошнія пяць гадоў гэтая лічба няўхільна скарачалася. У 2012 ЦТ па беларускай абралі 32%, у 2011 – 35%, у 2010 – 39%, у 2009 – 37%, у 2008 – 42%.

Гэта вынік праведзенай Аляксандрам Лукашэнкам русіфікацыі грамадства. Нагадаем, што ад 1999 да 2009 года доля белмоўных скарацілася з 37 да 23%.

Цікава, што тэндэнцыя злёгку мянялася толькі ў 2010 годзе, на хвалі тагачаснага павароту на Захад і да нацыянальных каштоўнасцей.

У той жа час ёсць частка абітурыентаў, якая прынцыпова здае ЦТ па ўсіх прадметах на беларускай мове.
Найбольшы паказчык тут па гісторыі Беларусі – 19%, матэматыка і фізіка – па 5%, геаграфія – 4,5%, грамадазнаўства – 2%.

Хай сабе гэта не такі вялікі працэнт, але гэта ўсё ж немалая супольнасць: тысячы людзей.