Nastaunik.info глыбока смуткуе ў сувязі з адыходам Юрася Бушлякова і выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім.
4 чэрвеня 2013 года ў Мінску пасля цяжкай хваробы памёр лінгвіст, педагог, журналіст Юрась Бушлякоў. 29 мая яму споўнілася 40 гадоў.
Як многія мінскія школьнікі 1980-х, ён быў вызвалены ад беларускай мовы, не вывучаў яе да 10 класа. А пасля... закахаўся ў мову і пайшоў вучыцца на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ. Скончыў яго з чырвоным дыпломам. У 2003 годзе абараніў дысертацыю на тэму «Моватворчая практыка Янкі Станкевіча (з гісторыі нармалізацыі беларускай мовы)».
Выкладаў на родным філфаку, у Коласаўскім ліцэі, у Карлавым універсітэце (Прага).
Быў адным з удзельнікаў працоўнай групы па выпрацоўцы нормаў класічнага правапісу беларускай мовы.
Журналістыкай Юрась займаўся з 1994 года, працаваў у незалежных СМІ, на Радыё Рацыя, апошнія дзесяць год – на Радыё Свабода ў аўтарскай праграме «Жывая мова». Таксама можна было бачыць яго ў праграме «Моўнік» на тэлевізійным канале «Белсат».
Відэазапіс ад 2 лютага 2013: Юрась Бушлякоў дыктуе тэкст Беларускай дыктоўкі – «Ліст з-пад шыбеніцы» Кастуся Каліноўскага.
Развітанне з Юрасём Бушляковым адбудзецца ў Мінску 6 чэрвеня з 13 да 14 гадзіны ў рытуальнай зале №1 на вуліцы Альшэўскага, 12.
Не стала Юрася Бушлякова
05.06.2013