Альтэрнатыўны з’езд выпускнікоў ад adukacyja.info

12.06.2013

Апошні тэрмін – 10 ліпеня 2013 г. 

Каманда сайта adukacyja.info запрашае прыняць удзел у альтэрнатыўным з’ездзе выпускнікоў беларускіх і замежных ВНУ. У жніўні мы сустрэнемся ў маляўнічым месцы на беларускіх азёрах, каб падзяліцца досведам, натхніць адно аднаго і зарадзіцца пазітывам!

Асаблівасцю з’езду з’яўляецца тое, што праграму складаюць самі ўдзельнікі. Кожны рыхтуе свой майстар-клас. Гэта можа быць усё, што заўгодна: ворк-шоп па балгарскай кухні, курс па афра-бразільскіх танцах, прэзентацыя па адукацыйнай сістэме ў Кітаі, расповед пра гісторыю шакаладнага бізнесу ў Швeйцарыі, занятак па ёзе, арганізацыя культурна- музычнай праграмы на вечар ля вогнішча і ўсё, што вы прапануеце! Карацей, дзелімся досведам і кампетэнцыяй у форме кароткага майстар-класу. Тут не будзе доўгіх семінараў і стамляльных трэнінгаў! Кожны ўдзельнік рыхтуе цікавы інтэрактыўны ворк-шоп.

Гастранамічныя і спартовыя майстар-класы вельмі вітаюцца!

Каманда adukacyja.info арганізоўвае даезд з Мінска да месца правядзення з’езду. Арганізатары забяспечваюць пражыванне і часткова харчаванне.

Калі ты хоць раз у жыцці адчуў, што значыць быць выпускніком, запаўняй анкету і далучайся да нас! Будзе цікава, весела і натхняльна!

Дэдлайн падачы заявак – 10 ліпеня.

Пытанні па тэлефонах +375 29 152 16 78 і +375 029 608 34 84 ці на мэйл adukacyja@gmail.com.

Паводле adukacyja.info