Астравеччына: Музычна-літаратурны фэст, прысвечаны 150-годдзю паўстання Каліноўскага

17.06.2013

22 чэрвеня 2013 г.
Увага! Фэст імя Каліноўскага пераносіцца на нявызначаны тэрмін


Чакаецца не толькі выступленне паэтаў і музыкаў, але і паказальны бой рыцараў. Уваход на імпрэзу вольны, але ў гасцей могуць спытаць пароль.

Музычна-літаратурны фэст, прысвечаны 150-годдзю паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, адбудзецца 22 чэрвеня. Пра гэта парталу Край.бай паведаміў краязнаўца з Варнянаў Астравецкага раёна Алесь Юркойць.

Арганізатар імпрэзы – аддзел культуры Астравецкага райвыканкама пры падтрымцы грамадска-культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!».

Месца правядзення – возера Кайміна. Каб даехаць да возера, трэба павярнуць з трасы Р-45 (Полацк-Вільня) у вёску Вялікая Страча. Праз 7 км у вёсцы Спонды збочыць на вёску Кайміна Горная, 4 км гравейкі – і вы ля возера.



Заезд а 13-й гадзіне, у 16.00 – пачатак праграмы. Чакаюцца
:

- барды Зміцер Бартосік, Таццяна Матафонава (Менск), Віктар Шалкевіч (Гародня), Алесь Наркевіч (Вялейка), Андрэй Мельнікаў (Гомель), Ігар Высоцкі (Ашмяны), Алег Мізула (Жодзішкі), Кастусь Герашчанка (Пліса), іншыя;
- паэты Усевалад Сцебурака, Анатоль Івашчанка, Міхась Скобла, Ігар Пракаповіч, Глеб Лабадзенка;
- музыкі: гурты «1863» і Тарас Кучынскі-Паравы з Менску, «Людзі на балоце» і Алесь Дзянісаў з Гародні, «Пава» і Юрась Панкевіч, «Альта Ментэ» і Кацярына Ваданосава, «Балцкі субстрат» і Максім Іўкін з Менску.

Акрамя паэтаў, вершы будуць чытаць і прафесійныя акторы.

Алесь Юркойць адзначыў, што гурт «1863» займаецца рэканструкцыяй вопраткі тых часоў, таму спяваць будуць у адпаведных строях. Музыкі таксама займаюцца аднаўленнем песень часоў паўстаўння і да паўстання.

Таксама на фэсце выступіць навуковец Язэп Янушкевіч, мясцовы краязнаўца Іван Драўніцкі, паэтка і краязнаўца з Астравеччыны Людміла Кухарэвіч, іншыя.

Рыцары клуба «Freie Stadt» (Вольны Горад) рыхтуюць невялікі паказальны бой (бугурт).

Запланаваныя інтэрактыўныя гульні з гледачамі. У прыватнасці, віктарына на тэму паўстання, і іншае.

Вядучыя імпрэзы – Усевалад Сцебурака і Глеб Лабадзенка.


Для тых, хто плануе на Каймінскім возеры заставацца да раніцы, будзе прапанаваны прагляд гістарычных фільмаў. У прыватнасці, «Кастусь Каліноўскі» (1928 года). «Гэта ці не другі фільм у гісторыі нашага кінематографа. І першы пра Кастуся Каліноўскага. Ён чорна-белы, без гуку, з тытрамі», – патлумачыў Алесь Юркойць.

Уваход на імпрэзу вольны. Але, па словах Алеся Юркойця, арганізатары плануюць усталяваць браму. А ля брамы паставіць двух дзецюкоў, якія будуць пытацца пароль: «Каго любіш?» Тых, хто дасць правільны адказ, прапусцяць. Без паролю праходзяць людзі ў нацыянальных строях ці ў адзенні з элементамі нацыянальнага строю.

Дровы будуць падрыхтаваныя цэнтралізавана. Плануецца работа выязнога гандлю.

Алесь Юркойць адзначыў, што тым, хто плануе заставацца на ноч, варта паклапаціцца не толькі пра харчаванне, але і пра намёты. Бо машыны будуць стаяць асобна, у некалькіх сотнях метраў ад пляцоўкі.

Нагадаем, што летась на тым месцы прайшоў паэтычны слэм. пра гэта, фота і відэа – ТУТ.

Святлана Цішко, kraj.by

Увага! Фэст імя Каліноўскага пераносіцца на нявызначаны тэрмін